У сувязі з вобшукам С.Серабро збіраецца падаць скаргу
У сувязі з вобшукам у сваёй кватэры віцебскі фотажурналіст, рэдактар “Народных навін Віцебска” Сяргей Серабро збіраецца сёння падаць скаргу ў пракуратуру. Нагадаем, ўчора ў кватэры, якую ён арэндуе разам з жонкай, адбыўся ператрус, падчас якога супрацоўнікі міліцыі забралі два кампутары, фотаапарат і флэшку.
Сяржук лічыць, што вобшук быў звязаны з акцыяй Сяргея Каваленкі, які 7 студзеня вывесіў над верхавінай навагодняй ёлкі ў Віцебску бел-чырвона-белы сцяг. Серабро быў адзіным журналістам, каму ўдалося сфатаграфаваць гэты сцяг, які правісеў усяго толькі 15 хвілін. Здымкі, змешчаныя на “Народных навінах Віцебска”, пасля былі скарыстаны цэлым шэрагам беларускіх і замежных СМІ.
На думку С.Серабро, міліцыя спрабуе знайсці доказы таго, што ён меў нейкае дачыненне да акцыі Каваленкі. Сур’ёзнасць сітуацыі надае той факт, што ў артыкуле 339 частка 2 Крымінальнага кодэксу, узбуджаным у адносінах да Каваленкі, гаворыцца пра здзяйсненне хуліганства “групай асобаў”.