Акустычны канцэрт Касі Камоцкай адбыўся ў суботу, 6 лютага, ў Полацку. Ініцыяваў і арганізаваў сустрэчу з бардэссай і двойчы рок-князёўнай клуб “Live in Rock” пры падтрымцы кампаніі “БУДЗЬМА” у гарацкім Палацы культуры.
“Я вясёлы чалавек з сумнымі песнямі” – кажа Кася і адразу без доўгіх разважанняў – да музыкі, што такая жаданай і чаканая ў час розных “грандыёзных нацыянальных праектаў”. Голас яе – душа. Голас яе – шчырасць і туга. Песня яе такая блізкая і сугучная, струменнямі празрыстымі бягучая. Гітары пералівы лёгкія і спеў лётае.
Музыка перапляталася з гісторыямі пра выступы, словы песень і іх аўтараў, бо выконвае Кася ў асноўным творы на чужыя вершы. Шмат слаўных беларускіх словатворцаў узгадвалася гэтым вечарам. Сярод іх і Анатоль Сыс, Міхал Анемпадыстаў, Уладзімір Караткевіч.
Наладзілася і размова з аўдыторыяй. Абмяркоўвалі тэксты вершаў/песень, фестывалі беларускай музыкі, пытанні мовы. Самым актыўным удзельнікам падарылі кружэлкі “Тузін. Перазагрузка” і сувеніры з будзьмаўскай сімволікай.
Гэта калісьці яна казала “што я за бард, які сам вершаў не піша”, а сёння грае пранікнёныя акустычныя канцэрты. “Новае імя” выпуску “Нотны аркуш” газеты “Чырвоная змена” за 9 снежня 1989 года (шлем у думках прывітанні Вітаўту Мартыненка, рэдактару выпуска, музычнаму крытыку і чалавеку, які непасрэдна “на прафэсійны шлях падштурхнуў” гэтае новае імя) – сёння вядомая, многімі любімая, чароўная Кася Камоцкая.
– Міхал (Анемпадыстаў), напішы мне тэкст пра каханне, я ж жанчына, ў рэшце рэшт. Праз два дні ён прыносіць мне тэкст. – Што гэта? – пытаю. – А дзе пра каханне? – Ну вось, там жа пачынаецца “я люблю…” І на развітанне Кася спявае песню пра каханне.
“Я люблю, калі свеціць сонца рана ранкам праз фіранкі. Я люблю пах свежае кавы, я люблю пах смажанай бульбы. Мне падабаецца дым цыгарэтаў. Я люблю халодныя блюзы, я люблю свае джынсы старыя. Я з цягам часу стануся птушкай, раскіну крылы, зраблю тры крокі і падымуся па-над зямлёю, туды, дзе вецер і дзе аблокі. Над краінай пад белым снегам”.