Google змяніў свой лагатып у гонар народзінаў Напалеона Орды
11 лютага на лагатыпе беларускага дамена пошукавай сістэмы Google з’явілася выява акварэлі славутага беларускага мастака Напалеона Орды. Гэткім чынам кампанія Google адзначыла дзень народзінаў выбітнага беларуса.
Напалеон Орда, з малюнкаў якога мы ведаем, як выглядаў наш горад у 19-м стагоддзі, другі ўраджэнец Беларусі, які быў ушанаваны такім чынам — раней,7 ліпеня 2008 году, Google змяніў лога ў гонар Марка Шагала. Праўда тады святочны малюнак з’явіўся на усіх даменах пошукавай сістэмы, а гэты раз — толькі на беларускім.
Нарадзіўся Напалеон Орда ў радавым маёнтку Варацэвічы Пінскага павету Мінскай губерніі (цяпер вёска ў Іванаўскім раёне на Берасцейшчыне) у сям’і маршалка шляхты Кобрынскага павету, які даў сыну імя францускага імператара. Шырока вядомы дзякуючы сваім малюнкам і гравюрам з выявамі Беларускіх краявідаў, але акрамя мастацтва займаўся лінгвістыкай, літаратурай і музыкай. Падчас паўстаньня 1830—1831 гадоў ён камандаваў партызанскім атрадам, атрымаў чын капітана і ўзнагародажаны вышэйшым ордэнам Рэчы Паспалітай — Virtuti Militari.
На святочным лагатыпе ў гонар Орды выкарыстаная яго акварэль з выявай палаца Чацьвярцінскіх у Гродне, намаляваная ў 1861 – 1869 гадах. Арыгінал малюнка знаходзіцца ў “Музеі Нарадовым” у Кракаве.
Пошукавік Google зрабіў традыцыяй выкарыстоўваць адмысловыя лагатыпы, так званыя Google Doodle, для адзначэння нейкага свята ці даты. Такім чынам адзначалі дзень народзінаў Альберта Энштэйна, Леанарда да Вінчы, Рабіндраната Тагора і іншых.