Народные новости Витебска

Вікенцій Ральцэвіч: “Вітражы можна было выратаваць”

Вядомы віцебскі мастак Вікенцій Ральцэвіч пракаментаваў “Народным навінам Віцебска” інцыдэнт з разбітымі вітражамі на чыгуначным вакзале, дзе зараз ідзе рэканструкцыя. На яго думку, унікальны мастацкі комплекс – 8 вітражоў з выявамі “Пагоні” і гербаў абласных гарадоў Беларусі – можна было выратаваць.

“Пра тое, што вітражы збіраюцца ўбраць, мяне ніхто не папярэджваў. Пра гэта я даведаўся ад журналістаў. Я схадзіў на вакзал, унутр будынка мяне не пусцілі, але я бачыў усё звонку – замест вітражоў зараз чорнае шкло. Безумоўна, шкада вітражоў. Гэты вітражны комплекс, зроблены ў 90-х гадах, быў адзіным у Віцебску і, бадай, у Віцебскай вобласці, зробленым класічным метадам. Гэта была велізарная праца, прычым не толькі мая – мне дапамагала вялікая колькасць людзей. Эскіз вітражоў тады быў прыняты ў Мінску на мастацкай радзе, прычым мяне абмежавалі ў колькасці фарбаў. І давялося карыстацца пэўнымі колерамі. Аднак, я лічу, што мне ўсё ж удалося ажывіць інтэр’ер вакзала, зрабіць так, каб ён зайграў асаблівымі фарбамі. Удалося таксама прывіць любоў да роднай гісторыі – людзі бачылі старажытныя гербы Вялікага княства Літоўскага і нашых гарадоў. Але хоць вітражы і знішчылі, з гісторыі нічога выкрэсліць не ўдасца – “Пагоня” застанецца “Пагоняй”, – лічыць Вікенцій Іванавіч.

Ён дадаў, што вітражы можна было выратаць – калі б гэтага захацела кіраўніцтва будаўнічых работ на вакзале. Калі б хто-небудзь быў бы зацікаўлены ў асцярожным дэмантажы, то рамы з вітражамі можна было б лёгка дастаць. “Але гэта нікому не было патрэбна. Раней, у тыя часы, калі я быў старшынём абласной мастацкай рады, да думкі мастакоў улады прыслухоўваліся, а зараз ім на нас глыбока напляваць”, – са скрухай адзначыў аўтар вітражоў.

В.І.Ральцэвіч нарадзіўся ў 1936 г. Сябар Саюза мастакоў Беларусі. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1957 г.) і Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1963 г.). Працаваў у жанры літаграфіі, гравюры, акварэлі, алейнага і тэмпернага жыпавісу, займаўся манументальным жывапісам, мазаікай і вітражамі. У вітражы выпрацаваў свой адметны стыль. У 1993 г. стварыў першую працу эзатэрычнага мастцтва – скульптурны рэльеф, пераўтвораны жывапісам у плоскасць з адшліфаванай паверхняй. Мастак мае міжнароднае прызнанне і прэмію ад міжнароднага пленэру («Bieszczady 76»).