Летась у Полацку падчас археалагічных раскопак на тэрыторыі старажытнага гарадзішча беларускія навукоўцы знайшлі чатыры фрагменты арабскіх срэбраных манет – дырхемаў. Нягледзячы на тое, што яны былі пашкоджаны, удалося выявіць дату іх чаканкі – 800-825 гады.
“Такім чынам, манеты засведчылі, што Полацк на некалькі дзесяткаў гадоў старэйшы, чым прынята лічыць згодна з першым летапісным узгадваннем”, – адзначыў у інтэрв’ю БелТА кіраўнік археалагічнай экспедыцыі, кандыдат гістарычных навук навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Марат Клімаў. Нагадаем, што першай летапіснай згадкай пра самы старажытны беларускі горад дасюль быў 862 год.
Як паведамляе БелТА, сёлета археалагічныя раскопкі ў Полацку будуць працягнуты, а да святкавання 1150-годдзя горада навукоўцы збіраюцца выдаць кнігу пра свае знаходкі.