ЗАГС прыедзе да вас сам
Аддзелы ЗАГС Віцебскай вобласці сёлета пачалі аказваць новую паслугу – рэгістрацыю шлюбу з выездам на месца ўрачыстасці. Па жаданні жаніха і нявесты цырымонія можа адбыцца, напрыклад, у іх дома, каля нейкага гістарычнага помніка, на прыродзе ці ў іншым куточку, з якім у маладых звязаны мілыя сэрцу ўспаміны.
Аднак у гарадах вобласці і зараз ёсць месцы, дзе заключэнне шлюбу робяць незабыўнай падзеяй. У Віцебску цікавую вясельную цырымонію праводзіць Цэнтр народных рамёстваў і мастацтваў “Задзвінне”, у Лепелі – Дом рамёстваў, у Докшыцах – музей народнай славы, у Полацку – Сафійскі сабор і музей ткацтва. Полацкі гарадскі аддзел ЗАГС праводзіў нават “шляхецкае” і “рыцарскае” вяселлі, дзе маладыя і іх госці былі ў сярэднявечных касцюмах.
Адным словам, супрацоўнікі ЗАГСаў прыдумляюць розныя новыя фішкі, каб паспрыяць росту колькасці шлюбаў. Вядучыя ўрачыстых цырымоній пастаянна павышаюць сваю “кваліфікацыю”. Так, сёлета ўпершыню на Віцебшчыне пройдзе конкурс, дзе выберуць лепшага вядоўцу ўрачыстага абраду рэгістрацыі шлюбу, рэгістрацыі нараджэння і юбілейнай урачыстасці. Пераможцы будуць названы ў ліпені, напярэдадні Дня незалежнасці.
Паводле БелТА.