Персанальная выстава віцебскага мастака Уладзіміра Літвіна праходзіць у канцэртным зале “Віцебск” у памяшканні Цэнтра нацыянальных культур (кабінет 302). Выстава адкрыла новы праект цэнтра – стварэнне мастацкай этнагалерэі, дзе будуць экспанавацца творы мастакоў розных нацыянальнасцей.
Уладзімір Літвін доўгі час жыве ў Віцебску, аднак не забывае сваю родную Чарнігаўшчыну. Выстава пад назвай “Дрэва” ўяўляе сабой своеасаблівы радавод: мастак уключыў у яе шмат партрэтаў сваіх сваякоў. Балазе гісторыю свайго роду ён вывучыў да шостага калена. На ўкраінскія карані жывапісца ўказваюць многія палотны, асабліва “Настальгія”, на якой буйным планам намаляваны Тарас Шаўчэнка. Мастаку таксама вельмі блізкія біблейскія матывы, і многія ягоныя працы суправаджаюць цытаты з Бібліі.
Выстава У.Літвіна будзе працаваць да 2 красавіка. Чакаецца, што пасля ў этнагалерэі можна будзе пазнаёміцца з творчасцю віцебскай мастачкі, па нацыянальнасці татаркі, Маргарыты Сайфугаліевай.