Чатыры старыя іконы XVIII і XIX стагоддзяў, якія належаць 71-гадовай пенсіянерцы з Віцебска, затрымалі падчас аперацыі “Антыкварыят” супрацоўнікі міліцыі Санкт-Пецярбурга.
Абразы былі знойдзены на адной з кватэр у Піцеры. А да гэтага, як выявіла міліцыя, святыні былі скрадзены з дома віцебскай бабулі. У сувязі з гэтым затрыманы два беларусы, адзін з іх даводзіцца пляменнікам пацярпелай. Разам са сваім сябрам ён хацеў дорага прадаць іконы ў паўночнай расійскай сталіцы. Раней абодва мелі судзімасці.
Як паказала экспертыза, праведезеная расійскімі спецыялістамі, іконы з’яўляюцца гістарычнымі і культурнымі каштоўнасцямі, а іх агульны кошт складае каля 135 тысяч расійскіх рублёў (больш за 12 000 000 беларускіх рублёў). Цяпер антыкварныя абразы супрацоўнікі міліцыі Санкт-Пецярбурга павінны перадаць праваахоўным органам Беларусі, паведамляе партал «В кризис.ру»