“Залатая шайба” – у віцебскага “Адзінства”

Каманда “Адзінства” з Першамайскага раёна Віцебска перамагла ў рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па хакею “Залатая шайба” на прызы прэзідэнта Беларусі ў малодшай узроставай групе (11-13 гадоў). У фінальным матчы турніра віцябляне з лікам 13:4 разграмілі “Партызан” з аднайменнага раёна беларускай сталіцы.

У матчы за трэцяе месца перамагла каманда “Вымпел” з Чыгуначнага раёна Гомеля, якая абыграла “Ветразь” з Салігорскага раёна Мінскай вобласці. Усяго ў турніры, які праходзіў у Салігорску, удзельнічалі восем каманд – па адной ад кожнай вобласці і сталіцы і адна каманда з Расіі (“Судагорац” з Уладзімірскай вобласці).

Адзначаны тры гульцы з “Адзінства” – лепшым нападаючым турніра прызнаны Аляксей Салаўёў, а Аляксандр Мароз стаў лепшым бамбардзірам. Уладзіслаў Міронаў адзначаны ў намінацыі “самы юны ўдзельнік”. Па традыцыі ўсе ўдзельнікі спаборніцтваў атрымалі падарункі ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, а пераможцы і прызёры – кубкі ад кіраўніка дзяржавы, медалі, дыпломы і каштоўныя прызы ад арганізатараў.

На наступным тыдні ў Бабруйску пройдзе фінальны турнір “Залатой шайбы” ў старэйшай узроставай групе (14-15 гадоў). Нагадаем, што галоўнай адметнасцю гэтага турніра з’яўляецца ўдзел у ім выключна дваровых хакейных каманд.

Меткі:

Чытайце яшчэ