Помнік Неўскаму будзе “сямейным”
У конкурсе на помнік у гонар Аляксандра Неўскага лепшай прызнана мадэль, дзе князь паказаны разам са сваёй сям’ёй – з сынам Васілём і жонкай, полацкай князёўнай Параскевіяй (Аляксандрай), дачкой Брачыслава Полацкага. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. Да Дня горада, які будзе святкавацца 26 чэрвеня, манумент установяць на плошчы Тысячагоддзя.
Кіраўнік вобласці лічыць, што Аляксандр Неўскі быў не толькі ваяром, але і цудоўным сем’янінам. “Таму шлюбы, заключаныя ў Дабравешчанскім храме, непадалёк ад якога будзе знаходзіцца скульптурная камапзіцыя, будуць асабліва шчаслівымі”, – такую думку выказаў журналістам А.Косінец.
Нагадаем, што ўсяго ў конкурсе на помнік Неўскаму ўдзельнічалі 11 эскізаў, зробленых скульптарамі і архітэктарамі з Віцебска, Полацка, Мінска. Мадэлі былі розныя: адны аўтары прадстаўлялі князя ў вобразе мужнага палкаводца, другія – бацькі і мужа. Некаторыя мастакі паказалі князя-малітвінніка: напрыклад, на адным эскізе ён трымаў ў руцэ праваслаўны крыж, а меч і шчыт ляжалі за ягонай спіной на зямлі.