Зміцер Вайцюшкевіч у Віцебску

У Віцебску выступіць самы абаяльны беларускамоўны спявак, шансанье, кампазітар Зміцер Вайцюшкевіч. Выканаўца хітоў “Вясновы дзень”, “Сінеюць цені”, “Арыстакратка кахання” наведае наш горад 8 красавіка і дасць канцэрт у вялікай зале Абласной філармоніі.
Канцэрт вядомага беларускага барда Зміцера Вайцюшкевіча і “WZ-ORKIESTRA”. Фота Сержука Серабро

Спадар Вайцюшкевіч, які без праблем збірае поўныя канцэртныя залы ў сталіцы, ніколі не заставаўся без увагі і ў нашым горадзе. Тут ён ужо двойчы выступаў пад акампанемент, па вызначэнню самога спевака, “лепшага аркестра Беларусі” WZ-Orkiestra і меў за ўзнагароду выключна захапляльныя водгукі ад гледачоў.

Асобныя творы і нават цэлыя альбомы з прафесійнага багажу Зміцера Вайцюшкевіча ствараліся на вершы паэтаў Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Маякоўскага, Максіма Багдановіча, Генадзя Бураўкіна, Алеся Камоцкага. Да пачатку сольнай кар’еры творца адзначыўся ў гуртах “Палац” і “Крыві”, супольных праектах “Я нарадзіўся тут” і “Народны альбом”. У 2006 годзе спявак запісаў нізку меладычных кампазіцый для складанкі “Калыханкі”, якая выдавалася ў межах ініцыятывы міжнароднай арганізацыі ААН ЮНІСЭФ. Захапіўшыся пяшчотай беларускіх калыханак, летась Вайцюшкевіч прэзентаваў ужо ўласны музычны праект “Мой сябра анёлак”, які ўвайшоў у дзесятку лепшых беларускіх музычных альбомаў 2009 году.

Зміцер паабяцаў прывезці віцебскім гледачам толькі свае самыя лепшыя кампазіцыі, у тым ліку з такіх папулярных альбомаў, як “Паравоз кахання” альбо “Песні з доўгай шуфляды”. Спадзяемся, што і аматары яго творчасці не прапусцяць гэты канцэрт, тым больш, што квіткі ад 10 тыс. беларускіх рублёў паспрыяюць таму, каб сустрэць творцу належным чынам.

Зміцер Вайцюшкевіч.
Віцебская абласная філармонія, 8 красавіка, чацвер, 18:30.
Квіткі ў касах філармоніі (пл. Леніна, пл. Свабоды): 10.000 руб., 12.000 руб., 15.000 руб., 17.000 руб.
Тэлефоны для даведак: (029)712-11-11, 323-98-46.

Vitebsk4.me

Меткі: ,

Чытайце яшчэ