Сёння ў Віцебску ля помніку Ўладзімеру Караткевічу затрымалі Барыса Хамайду.
Апазіцыйны актывіст, вынесшы да помніку невялічкі столік і стул, вырашыў адзначыць Дзень Волі, напісаўшы Агульнанацыянальную дыктоўку. Другі актывіст, Сяргей Каваленка, дыктаваў спадару Хамайдзе тэкст урыўка аднаго з твораў Караткевіча. Напісанне дыктоўкі пачалося ў 11 гадзін. Праз некалькі хвілін вакол помніка з’явіліся прадстаўнікі праваахоўчых органаў. Пазней пад’ехаў намеснік начальніка Кастрычніцкага РАУС Аляксандар Каліноўскі, які запрасіў спадара Хамайду праехаць з ім у пастарунак. Міліцыянт вырашыў, што два чалавека каля помніка прыцягваюць увагу мінакоў, і таму іх дзеянні могуць лічыцца пікетаваннем ці іншым незаконным масавым мерапрыемствам.
Спадар Хамайда папярэдзіў, што працягне напісанне дыктоўкі ў пастарунку і, па яго словах, здолеў зрабіць гэта. На актывіста быў складзены пратакол. Праз некалькі гадзін суд Кастрычніцкага раёна вынес яму папярэджанне за правядзенне несанкцыянаванай акцыі.