Рыфмаваная гісторыя Сяргея Кавалёва
Якое ж вялікае сэрца, агромністую мужнасць і моц духу трэба мець, каб, страціўшы зрок, слых і каардынацыю рухаў, пісаць вершы аб сваёй любай Бацькаўшчыне! Апяваць яе герояў. Складаць яе вершаваную гісторыю. Тыя, хто прыйшоў учора на святкаванне Дня Волі ў віцебскі “Еўрапейскі клуб”, даведаліся аб жыцці і творчасці гэтага неардынарнага чалавека – кандыдата гістарычных навук, былога дацэнта ВДТУ, удзельніка беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху Сяргея Кавалёва.
У “Еўрапейскім клубе” адбылася прэзентацыя ягонага паэтычнага зборніка «Шлях: твары, думкі, галасы. Гісторыя ў адценнях беларускага духу». На жаль, кніга выйшла ў свет праз шэсць з паловай гадоў пасля смерці С.Кавалёва – сёлета ў лютым у сталічным выдавецтве Кнігазбор» невялічкім накладам (на сродкі ягоных сваякоў). Прадмову да кнігі напісаў вядомы беларускі пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў, былы аднакурснік С.Кавалёва па гістфаку БДУ.
Жонка таленавітага віцебскага гісторыка, лектара і даследчыка Ніна Кавалёва, узгадваючы, як хворы муж працаваў над галоўным творам свайго жыцця – гартаў цяжкія слоўнікі, старанна падбіраў рыфмы, аналізаваў і шукаў малавядомыя факты роднай гісторыі – зрабіла выснову: “Натхненне непадуладна хваробе...”
Са старонак зборніка з намі размаўляюць Рагнеда, святая Еўфрасіння, Вітаўт, Кірыла Тураўскі, Якуб Колас... Вершы Сяргея Кавалёва вельмі светлыя, удумлівыя, незнявечаныя цэнзурай. “Быў магутны раскацісты гнеў у пагоністай слыннай дзяржавы. Мужны продак геройскі грымеў ад Масквы і ажно да Варшавы” – гэта пра беларусаў. “Раскошна цвіла старана, лілося ёй Божае ласкі... Як бы агарнула Дзвіна сам колішні сад Гефсіманскі” – гэта пра Віцебск часоў Марка Шагала.