У віцебскім касцёле Езуса Міласэрнага прайшла перадвелікодная прэс-канферэнцыя
Сёння ў касцёле Езуса Міласэрнага прайшла традыцыйная перадвелікодная прэс-канферэнцыя з удзелам канцлера Віцебскай дыяцэзіі Рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі ксяндза Рамана Мурзіча і ксяндза-пробашча Міраслава Скачыляса. Тэмай сустрэчы з журналістамі стала святкаванне будучых урачыстасцяў.
Разважаючы на тэму ўрачыстасці Вялікадня, айцец Раман адзначыў, што “сёння нельга ўявіць чалавека без Бога”. “А сувязь з Ім праяўляецца праз нашу веру. Аднак вера без учынкаў – мёртвая вера”, – нагадаў ён.
Ксёндз распавёў аб набажэнствах, якія будуць праводзіцца непасрэдна перад Вялікаднем. Перыяд Вялікага посту працягваецца да Вялікага чацвярга. Цэлебрацыяй святой імшы Вячэры Пана распачынаецца Святы Пасхальны Трыдуум, які працягваецца ў Вялікую пятніцу і Вялікую суботу, а яго цэнтральнай урачыстасцю з’яўляецца Пасхальная Вігілія.
Ніжэй “ННВ” прыводзіць расклад набажэнстваў у Віцебску і парафіях Віцебскай вобласці на Святы Пасхальны Трыдуум і Вялікдзень, у якіх будзе ўдзельнічаць біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін.
Вялікая серада, 31 сакавіка, 11.00 – урачыстая святая імша Хрызма ў касцёле Святой Барбары
Вялікі чацвер, 1 красавіка, 18.00 – імша Святой Вячэры Панскай у Гарадку
Вялікая пятніца, 2 красавіка, 18.00 – літургія Мукі Пана ў Сянно
Вялікая субота, 3 красавіка, 15.30 – Вігілія Пасхальная ў Лёзна
Нядзеля Змертвыхпаўстанне, 4 красавіка, 11.00 – касцёл Святога Юзэфа ў Оршы