У дэпутаты ідуць гардэробшчыцы, хатнія гаспадыні, пенсіянеркі…
Цікавая адметнасць сёлетняй выбарчай каманіі ў мясцовыя саветы – сярод прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат вялікая колькасць прадстаўніц прыгожага полу. Так, з 3 761 зарэгістраваных у вобласці кандыдатаў амаль палову (46,2%) складаюць жанчыны. У аблсавет, дзе 60 месцаў, балатуюцца 24 жанчыны. Праўда, у Віцебскім гарсавеце іх зарэгістравалі не так ужо і шмат – 15 чалавек з 60.
Сярод тых, хто жадае праявіць сябе ў мясцовым самакіраванні, тры дырэктаркі віцебскіх школ, хатняя гаспадыня, гардэробшчыца абласной філармоніі, дзве часова беспрацоўныя (адна з іх увогуле 19-гадовая дзяўчына), дзве доктаркі, пенсіянерка, выкладчыца, некалькі дырэктарак прадпрыемстваў.
Тры прэтэндэнткі маюць партыйную прыналежнасць – адна з іх прадстаўляе АГП, дзве – Беларускую партыю левых “Справядлівы мір”.
З 40 выбарчых акругаў у Віцебску 23 будуць безальтэрнатыўнымі, у 14-ці акругах балатуюцца па два кандыдаты. І толькі ў трох акругах барацьба разгорнецца паміж трыма прэтэндэнтамі. Адной з такіх акруг стала Індустрыяльная №5, дзе зарэгістравана вядомая віцебская дэмакратычная актывістка Вольга Карач. Яе супернікамі стануць мужчыны – вядучы інжынер завода “Візас” і дырэктар прадпрыемства “БелВітуніфарм”.