У Полацкай дзіцячай школе мастацтваў з 9 па 15 красавіка – падчас святкання Вялікадня і напярэдадні Раданіцы – пройдзе царкоўна-грамадская выстава-форум “Велікодная радасць зямлі Полацкай”. Мерапрыемства прымеркавана да 100-годдзя перанясення мошчаў святой Еўфрасінні Полацкай з Кіева ў Полацк.
У выставе-форуме прымуць удзел манастыры і царкоўныя прыходы, выдавецтвы, духоўныя навучальныя ўстановы, паломніцкія арганізацыі, майстры з Беларусі, Украіны, Расіі. У экспазіцыі будуць прадстаўлены традыцыйныя велікодныя сувеніры, дэкаратыўныя і памінальныя свечкі, кнігі духоўнай тэматыкі, абразы, аўдыё- і відэапрадукцыя для дзяцей і дарослых, адзенне, вырабы народных майстроў, мёд, бальзамы, лекавыя травы.
Духоўна-асветніцкі бок форуму ўключыць лекторыі для моладзі, сустрэчы са святарамі, гутаркі, прэзентацыі, канцэрты, майстар-класы, кінапаказы, фотавыставу, падрыхтаваную сёстрамі Спаса-Еўфрасіньеўскага манастыра. Штодзень будзе працаваць спецыяльная праграма “Задай пытанне святару”.