Жыхары Глыбокага незадаволеныя “добраўпарадкаваннем”
На загад новапрызначанага старшыні райвыканкама Алега Морхата ў Глыбокім распачаліся працы па добраўпарадкаванні горада. За лічаныя дні супрацоўнікі глыбоцкага камунгаса спілавалі дрэвы на плошчы 17 Верасня, дзе знаходзяцца старадаўнія царква і касцёл. У прылеглым да плошчы скверы былі абрэзаныя галіны і вершаліны дрэваў.
Паводле чутак, такія радыкальныя ператварэнні ў знешнім выглядзе Глыбокага былі асабістай ініцыятывай сп. Морхата. Калі меркаваць па размовах з жыхарамі ды выказваннях карыстальнікаў глыбоцкіх інтэрнэт-форумаў, у абсалютнай большасці жыхароў горада такое “добраўпарадкаванне” выклікала скрайне негатыўную рэакцыю.