Адбылася прэзентацыя зборніка “Віцебск. Ландшафты памяці”

У вялікай выставачнай зале Віцебскага абласнога краязнаўчага музея (Ратуша) грамадскасці прэзентавалі зборнік моладзевых праектаў інтэрпрэтацыі аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Цэнтральнае месца імпрэзы займала ўрачыстае ўручэнне зборнікаў і вораху падарункаў фіналістам конкурсу, чые тэксты былі ўключаны ў выданне.

Зборнік “Віцебск. Ландшафты памяці” быў надрукаваны па выніках аднайменнага конкурсу, які напрацягу некалькіх месяцаў праводзіўся сярод школьнай і студэнцкай моладзі г. Віцебску і яго ваколіц. На старонках выдання можна азнаёміцца з праектамі мемарыялізацыі постацяў вялікага князя Альгерда і самага высокага чалавека за ўсю гісторыю чалавецтва Фёдара Махнова (які жыў недалёка ад Віцебска), з інтэрпрэтацыямі багатых тэатральнай і медыцынскай гісторый нашага горада, а таксама з яшчэ шмат якімі вартымі думкамі па ўшанаванню “кавалкаў” нашай гісторыка-культурнай спадчыны.

Па словах арганізатара конкурса і ўкладальніка зборніка Рамана Воранава, найбольш адметнай рысай усіх конкурсных праектаў стаўся зварот да мясцовых герояў, да аб’ектаў і падзей, памяццю звязаных менавіта з Віцебскам і яго ваколіцамі. Не было аніводнага тэксту, дзе б моладзь разаважала пра спосабы ўшанавання асобаў, кшталту князя Аляксандра Неўскага ці паэта Пушкіна – няхай і славутых людзей, але якія да Віцебска (дый да Беларусі ў цэлым) мелі досыць умоўнае дачыненне. Другой, не менш важнай дэталлю, было адзначана тое, што канкурсанты “плясалі” вакол тых жа самых топасаў, якія незалежна ад іх прыгадаў у заключным артыкуле зборніка знакаміты віцебскі краязнаўца Мікалай Півавар. “Падобны ўнісон думак прадстаўнікоў розных пакаленняў, - адзначыў Раман Воранаў, - ёсць пазнакай іх належнай якасці і дае спадзяванне на тое, што яны будуць запатрабаваныя дзяржавай і грамадствам”.

Электронны варыянт зборніка можна спампаваць па гэтай спасылцы.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ