У Віцебску сёння ў 15.00 каля помніка “Ордэн Перамогі” побач з ВДУ імя П.Машэрава пачнецца мітынг з нагоды сустрэчы ўдзельнікаў рэспубліканскага моладзевага аўтамотамарафону “65!”, прысвечанага Вялікай Перамозе.
Марафон, у якім па ініцыятыве БРСМ удзельнічаюць ветэраны, моладзь, зоркі беларускай эстрады, прадстаўнікі сілавых структур, стартаваў сёння ў Мінску на плошчы Перамогі. Віцебск стане першым горадам, які прыме эстафету “Вогнішча Памяці”, запаленага ад Вечнага агню ў сталіцы.
Пасля ўрачыстага мітынгу каля ВДУ адбудзецца спартыўна-тэхнічнае шоў, а таксама відовішчнае выступленне байкераў. Вечарам (а 18-й) на пляцоўцы каля канцэртнага зала “Віцебск” можна будзе ўбачыць паказальныя выступленні супрацоўнікаў аховы МУС. Тут жа пройдзе канцэрт беларускіх выканаўцаў.
Пасля Віцебска ўдзельнікаў акцыі сустрэнуць у іншых абласных цэнтрах краіны, а скончыцца моладзевы марафон 3 мая на “Кургане Славы”.