Сёння а 10-й гадзіне раніцы ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска пачаўся апошні дзень разгляду справы віцебскага апазіцыйнага актывіста Сяргея Каваленкі.
10.00 Паводле рашэння старшыні суда журналісту "Народных навін Віцебска" Сяргею Серабро было забаронена здымаць працэс.
Сяргей Каваленка выступае з апошнім словам перад вынясеннем судовага рашэння па яго справе.
10.30 Сяргей Каваленка закончыў сваю прамову, у якой ён адзначыў, што вывешванне сцяга на навагодняй ёлцы было палітычнай акцыяй, а не хуліганствам. Па словах актывіста, да збіцця супрацоўнікаў міліцыі ён не мае ніякага дачынення, а сам у сваю чаргу моцна фізічна пацярпеў ад іх пад час затрымання каля ёлкі. Пасля выкладання свайго бачання справы Каваленка замацаваў сваю прамову спасылкамі на гісторыю Беларусі. Суддзя ў сваю чаргу ўспрыняў апошняе слова падсуднага з іроніяй і параіў яму выступаць у цырку на праспекце Будаўнікоў. Чакаецца, што ўжо праз паўгадзіны будзе вынесены прысуд.
11.10 У двор будынка суда прыгналі аўтазак, таму верагодна, што Каваленку возьмуць пад варту прама ў зале суда.
11.30 Вынесены прысуд: 3 гады абмежавання свабоды ўмоўна, без адпраўкі ў месцы зняволення, таксама з Каваленкі будуць спагнаныя маральныя кампенсацыі на карысць міліцыянераў - двум па мільёну рублёў, аднаму (Максімаву) - 1,5 мільёны рублёў. Яшчэ апазіцыянер мусіць кампенсаваць страты за пашкожданыя гірлянды і ялінкі - 1,2 мільёны рублёў. Суд прызнаў Сяргея Каваленку вінаватым па ўсіх пунктах абвінавачвання.