Віцебская мэрыя чакае прапаноў
Каля цэнтральнага ўваходу ў Віцебскі гарвыканкам з’явілася зялёная скрыня для лістоў. Гараджане могуць кідаць у яе свае прапановы па развіцці горада.
Шляхам такога вывучэння грамадскай думкі (дарэчы, досыць не новага – раней падобныя скрыні з’явіліся ў Полацку і іншых гарадах) мясцовыя ўлады жадаюць даведацца аб праблемах, звязаных з добраўпарадкаваннем і інфраструктурай горада, якія хвалююць віцяблян. Пры гэтым, як піша БелТА, “будуць улічвацца канструктыўныя прапановы жыхароў пры падрыхтоўцы тых ці іншых праектаў будаўніцтва і рэканструкцыі”.
Як паведамляе агенцтва, зараз, да “дня нараджэння” Віцебска, што будзе святкавацца 25 чэрвеня, і “Славянскага базара”, вядуць добраўпарадкаванне цэнтральных праспектаў і набярэжнай Заходняй Дзвіны, чысцяць фарватар ракі, каб пусціць цеплаход, на мастах з’яўляецца ілюмінацыя.