Шляхам Еўфрасінні

Як пчолкі рупліва збіраюць гэтымі спякотнымі дзянькамі мёд на аксамітных чэрвеньскіх лугах, так і большасць людцаў, не зважаючы на летні “курортны” настрой, працуе, завіхаецца, шчыруе – кожны на сваім месцы. Настаўнікі прымаюць экзамены, будаўнікі будуюць, дворнікі з самага ранку наводзяць чысціню, урачы ратуюць чыёсьці жыццё… Аднак праца бывае розная. Якраз у гэтыя самыя дні па дарогах Віцебшчыны ідзе невялікая купка пілігрымаў. Гэтыя людзі таксама выконваюць працу. Вялікую, духоўную і не менш высакародную, чым урач ці настаўнік. Гэтыя людзі моляцца.

За сябе. За сваіх родных, блізкіх, сяброў, суседзяў, начальнікаў. Дабрадзеяў і ворагаў. Ачольнікаў царквы. За Віцебск, Оршу, Полацк... За родную Беларусь. Моляцца Госпаду, Багародзіцы і нябеснай апякунцы нашай краіны і кожнага з нас – найпадобнай Еўфрасінні Полацкай.

Удзельнікі хрэснага ходу, прысвечанага 100-годдзю перанясення мошчаў найпадобнай Еўфрасінні Полацкай з Кіева на радзіму, адправіліся ў шлях першачэрвеньскім ранкам ад Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора Віцебска. У Полацк – сэрца зямлі беларускай – багамольцы прыйдуць 4 чэрвеня, якраз напярэдадні дня памяці святой Еўфрасінні.

Сёння ідзе трэці дзень гэтай духоўнай вандроўкі, і хрэстаходцы ўжо пераадолелі большую частку дарогі. З Віцебска адыходзілі чалавек 50-60, але на працягу дарогі людзі мяняюцца – хтосьці ад’язджае, хтосьці далучаецца. Узначальвае хрэсны ход іерэй Аляксандр Кавалёў, інспектар Віцебскаха духоўнага вучылішча, кіраўнік моладзевага праваслаўнага брацтва ў гонар святога праведнага Іаана Кранштацкага, якое і арганізавала гэту пілігрымку.

Карэспандэнт “Народных навінаў Віцебска” прайшоў з хрэстаходцамі толькі чвэрць шляху – 24 кіламетры, ад Пакроўскага сабора да вёскі Старое Сяло, дзе ў першы дзень вандроўнікі спыніліся на начлег у мясцовай школе. Таму магу перадаць толькі фрагмент гэтай чатырохдзённай падзеі.

На наступны дзень вернікам трэба было пераадолець 31 км – да вёскі Лоўша. Сёння іх чакаюць 30 км да Гаранаў. На заўтра, 4 чэрвеня, застанецца самы кароткі адрэзак – 19 км. І гэта, мяркую, для многіх будзе як жыватворчы глыток вады пасярод пустыні. Па-першае, ісці мала, па-другое, з’явяцца крылы, што амаль дайшлі. Ды яшчэ куды – у Полацк!

...Я ж, калі шчыра, сабой задаволеная не была. Па-першае, цяжка быць журналістам і вернікам адначасова. Складана маліцца і ў той жа час прыкмячаць і запамінаць усё тое, што адбываецца навокал. Думкі ўвесь час блыталіся, скокалі: з працы – на малітву, з малітвы – увогуле на нейкія побытавыя дробязі. Па-другое, малітвенны настрой забіваў боль у нагах. Хоць ногі мае і досыць загартаваныя і звыклыя да фізічных нагрузак, ды гэта і не першы вопыт удзелу ў пілігрымках, аднак апошнія кіламетраў пяць-сем даліся ў знакі. (Дадому са Старога Сяла вярталася на аўтобусе, а пасля цэлы вечар “пражыла” з кнігай і газетамі на канапе, куды муж і сын прыносілі мне гарбату).

Што ўжо казаць пра бабулек! (Хаця якраз яны ў хрэсных хадах заўсёды самыя цярплівыя). Ці пра 9-гадовую Насценьку. Дзяўчынка ішла разам са сваёй маці і несла вялікі і прыгожы, чымсьці падобны на карціну, абраз з выявай святой Еўфрасінні. Насця займаецца акрабатыкай і ледзь не ўвесь адрэзак шляху ішла сваімі ножкамі. Толькі пад канец стамілася і далей ўжо ехала разам з “добрым доктарам Айбалітам” – у машыне “хуткай дапамогі”. Дзяўчо ўвесь час нешта шчабятала, сур’ёзна праінфармавала мяне аб інтэрнэт-прагнозе надвор’я, на прывалах збірала кветачкі, рабіла з іх букецікі і адорвала імі жанчын. Што і казаць, мілая Насцечка была ўсеагульнай пястунняй!..

Хрэсны ход – гэта перасоўны храм. Тут ёсць і абразы, і харугвы, і святар, і вернікі, і малітва. А неабсяжнае, вечна прывабнае беларускае неба над галавой – як купал гэтай метафарычнай царквы.

А яшчэ гэта свайго роду маленькая дзяржава. Са сваім “прэзідэнтам” (святаром), народам (вернікамі), нават са сваёй міліцыяй і медыкамі. Хрэсны ход да самага Полацка суправаджаюць супрацоўнікі ДАІ і медыкі. У першы дзень дзяжурыла даішная машына з патрыятычным надпісам “Люблю Беларусь” і брыгада Віцебскай станцыі хуткай неадкладнай медыцынскай дапамогі на чале з урачом Леанідам Пугачовым.

З даішнікам я так і не паспела пазнаёміцца, а вось з людзьмі ў белых халатах разгаварылася. Ланід Леанідавіч распавёў, што ў яго і фельдчарыц Валянціны і Таццяны такое незвычайнае дзяжурства выдалася ўпершыню. На шчасце, працы ім ніхто з хрэстаходцаў не нарабіў – “няшчасны выпадак” здарыўся толькі аднойчы: адзін з маладзёнаў парэзаў палец, калі адчыняў банку кансервы. “Дзякуй Богу, дайшлі! Без здарэнняў! Самае вялікае выпрабаванне было для нашай машыны – дзе вы бачылі, каб “хуткая” ехала з хуткасцю 5 кіламетраў у гадзіну?!”, – прызнаўся Л.Пугачоў.

Я мала веру размовам, толькі ўласнаму досведу, але, калі паслухаць хрэстаходных бабулек, то ў такіх вандроўках людзі вылечваюцца ад цяжкіх хвароб, пазбаўляюцца ад цяжкіх праблем, вымольваюць добрага мужа ці жонку, знаходзяць адказы на складаныя жыццёвыя пытанні, моладзь вызначаецца з выбарам будучай прафесіі.

Дакладна адно: кожны выпраўляецца ў хрэсны ход са сваёй духоўнай мэтай. І калі чалавек шчыра адкрывае сваю душу Госпаду, то Ён абавязкова ачышчае яе ад смецця і бруду. І часта бывае так, што чалавек вяртаецца дадому з крывавымі мазалямі, але шчаслівы, як дзіця. З адчуваннем радасці і спакою, якое так страшна зноў згубіць у жыццёвай мітусні.

…Нягледзячы на цяжкія ногі, на маёй душы, не ведаю чаму, увесь час гучаў паланез Агіньскага. На сэрцы было цёпла і сонечна – і хаця б дзеля гэтага я яшчэ калі-небудзь абавязкова выпраўлюся ў хрэсны ход.

Непрыемнае ўражанне было толькі, як ішлі праз сам Віцебск. Многія глядзелі на нас з непаразуменнем, як на нейкіх іншапланяцян. На вялікі абраз з Еўфрасінняй, што неслі чацвёра мужчын, перахрысціліся лічаныя людзі, а хлебам-соллю вернікаў сустрэлі толькі каля храма ў гонар Ціхана Задонскага на вуліцы Цітова. Грукат трамваяў, гарадскі тлум, нервовая міліцыя… Нават неба было нейкае абыякавае да нас – і ні сіняе, і ні шэрае. Ці то мы перашкаджалі Віцебску, ці то Віцебск перашкаджаў нам. Таму калі мінулі дарожны знак з нашым прыгожым гербам з выявай Збаўцы, прызнаюся, стала адразу лягчэй. І неба стала іншым – з вышытымі на ім чысцюткімі аблокамі.

А некалі, сто гадоў таму, шлях святых мошчаў дадому, у Полацк, віцябляне засыпалі кветкамі, засцілалі абрусамі. І ўсюды збіраліся тысячныя натоўпы, нават конная паліцыя не заўсёды спраўлялася сачыць за парадкам. А тыдзень з 7 па 16 траўня 1910 года, пакуль мошчы знаходзіліся ў Віцебску, быў вялікім святам для жыхароў горада і ваколіц.

Віцебск праз стагоддзе стаў зусім іншым. Хоць і адраджае свае старыя храмы-пярліны, але глядзіць на свет толькі адным духоўным вокам.

Хочацца спадзявацца, што багамольцаў чакае лепшы прыём на радзіме першай беларускай святой, славутай асветніцы, слыннай унучкі Усяслава Чарадзея. Палачане, як вядома, славяцца большай духоўнасцю і патрыятызмам.

У гонар 100-годдзя вяртання святыні ў Полацку пройдзе шэраг урачыстасцей. 5 чэрвеня адбудзецца літургія ў Крыжа-Уздвіжанскім саборы Спаса-Еўфрасіньеўскага манастыра, якую ўзначаліць Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі Філарэт. Пройдзе таксама хрэсны ход з Сафійскага сабора ў Спаса-Еўфрасіньеўскі манастыр.

Чытачы “ННВ” таксама могуць зрабіць своеасаблівы ўнёсак у гэтую духоўную акцыю: у каго ёсць жаданне, маліцеся дома за тых людзей, што ідуць зараз пыльным пакутным шляхам да Полацка. Ім нялёгка. І, можа, іхнія высілкі і нашая шчырая малітва за іх да Госпада і да пашыральніцы дабра, праўды, красы і згоды ў нашай краіне – Еўфрасінні Полацкай – зробяць усіх нас хоць крышачку лепшымі.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ