Народные новости Витебска

Працэсія ў гонар Божага Цела ў Віцебску

У Віцебску 5 чэрвеня католікі ўрачыста святкавалі Божае Цела. Само свята адзначалася ў парафіях у чацвер, а ў суботу вернікі з розных парафій з’ехаліся ў Віцебск, каб прайсці ў эўхарыстычнай працэсіі. Акрамя віцеблян у набажэнстве прымалі ўдзел католікі з Пастаў, Глыбокага, Браслава, Полацка і інш парафій Віцебскай дыяцэзіі.

Набажэнства пачалося св. Імшой у парафіі Езуса Міласэрнага. Варта адзначыць, што не так даўно там быў кансэкраваны будынак касцёла – новай катэдры. 5 чэрвеня быў таксама абвешчаны біскупам Уладзіславам днём духоўных сустрэч для духавенства дыяцэзіі. Таму на малітоўным спатканні было шмат святароў-гасцей. Усе святары разам са сваім біскупам цэлебравалі Эўхарыстычную Ахвяру. Слова Божае прамовіў пастыр дыяцэзіі. Ён падкрэсліў вялікую любоў Бога, які захацеў застацца з людзьмі у Сакрамэнце свайго Цела і Крыві. Біскуп Уладзіслаў заахвоціў вернікаў наследаваць Хрыста ў шчырай узаемнай любові, узмацняючы сябе Святой Эўхарыстыяй.

Пасля св. Імшы распачалася сама эўхарыстычная працэсія. Вуліцамі Віцебска пад гукі аркестра і пабожных каталіцкіх спеваў працэсія рушыла ў напрамку касцёла Духа Святога. Найсвяцейшы Сакрамэнт па чарзе між чатырма стацыямі неслі святары Віцебскай дыяцэзіі: кс. Францішак Кісель з Полацка, кс. Мечыслаў Янчышын з Глыбокага і кс. Раман Мурзіч з Віцебска. Традыцыйна падчас працэсіі чатыры разы было спяванае Евангелле. Адметна тое, што пры трэцяй стацыі Евангелле спявалі святары грэка-католікі.

На заканчэнне працэсіі ўсіх прысутных Найсвяцейшым Сакрамэнтам благаславіў біскуп Уладзіслаў Блін. Ён таксама падзякаваў парафіянам віцебскіх парафій за добрую арганізацыю свята, хору і аркестру за музычнае суправаджэнне, а міліцыі за бяспеку падчас руху працэсіі. Пробашч парафіі Духа Святога а. Андрэй Каліцяк SDS запрасіў святароў і вернікаў на пачастунак у парафіяльным доме.

Ужо каторы год эўхарыстычная працэсія ў Віцебску збірае вернікаў з усёй дыяцэзіі. Вельмі радасна тое, што Хрыстус сёння патрэбны людзям. Напэўна ў сэрцах многіх надоўга застануцца словы з эўхарыстычнага спеву:

Твая чэсць, слава, наш добры Пане,

З веку да веку не перастане!