Ужо ў трэці раз Полацк збярэ прыхільнікаў рыцарства – 12-13 чэрвеня пад сценамі Сафійскага сабора адбудзецца фестываль сярэднявечнай культуры “Рубон”, прымеркаваны да 1148-годдзя горада. У ім возьмуць удзел каля 30 клубаў гістарычнай рэканструкцыі з Мінска, Гродна, Баранавіч, Гомеля, Віцебска, Оршы, Ліды і іншых гарадоў Беларусі. Уваход на фестывальную тэрыторыю ўпершыню стане платным: для дарослых квіток будзе каштаваць 4 тысячы рублёў. Аднак для дзяцей уваход застанецца вольным.
На фестывалі пройдуць турніры для цяжка ўзброеных латнікаў і “Ратна кола” для лёгка ўзброеных ваяроў, а таксама масавыя бітвы – бугурты. Будуць спаборніцтвы лучнікаў і вершнікаў. І, канешне, штурм замка. Гасцей будуць забаўляць старажытнымі славянскімі гульнямі, танцамі ў сабатонах (вялікіх жалезных ботах). У імпрэзаваным сярэднявечным горадзе раскінуцца святочныя гандлёвыя шэрагі і кірмаш рамеснікаў. 12 чэрвеня пройдзе конкурс вулічных тэатраў і плануецца прэм’ера пластычнага спектаклю "Выпрабаванне агнём", у якім таэтральная дзея будзе спалучацца з вогненным шоу. На сёлетні “Рубон” запрошаны вядомыя музычныя гурты – "Стары Ольса", "Яварына", "Гальярда", "Cornus Copia".
Арганізатары фестывалю – Полацкі гарвыканкам і народны тэатр гістарычнага касцюма “Полацкі звяз”.