Парафіяльны фэст у Падсвіллі
У пятніцу 11 чэрвеня ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Падсвіллі (Глыбоцкі дэканат) адбыўся фэст. Вернікі не гледзячы на будні дзень, сабраліся ў новым касцёле, каб дзякаваць Добраму Богу за яго любоў. Прысутнічала дзевяць святароў з розных дэканатаў, якія цэлебравалі Найсвяцейшую Ахвяру і служылі вернікам у сакрамэнце споведзі.
Слова Божае прамовіў а. Віктар Сініцкі SCJ з Варапаева, які падкрэсліў неабходнасць даверу ў хрысціянскім жыцці. Ён таксама прапанаваў вернікам паразважаць над магчымым адказам Богу на яго любоў.
Пасля ўрачыстай Літургіі і літанійнай малітвы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам святары разам з вернікамі праспявалі старажытны гімн Цябе Бога праслаўляем. Пасля благаслаўлення адбыўся міні-канцэрт. Моладзь парафіі выканала другую частку санаты Моцарта до-мажор.
Пробашч парафіі кс. Андрэй Кулік падзякаваў парафіянам за арганізаванае свята і гасцям за супольную малітву. Ён выразіў надзею, што новая святыня будзе гуртаваць у сваіх сценах штораз больш вернікаў з Падсвілля і з навакольных вёсак.