Удзельская парафія адсвяткавала ўрачыстасць у гонар св. Антонія Падуанскага
13 чэрвеня Удзельская парафія святкавала ўрачыстасць у гонар св. Антонія Падуанскага. Касцёлам апякуюцца айцы францішкане. Таму культ гэтага святога даволі пашыраны ў Удзеле і наваколлі.
На свята з’ехаліся святары з розных дэканатаў і вернікі з суседніх парафій. Св. Імша праходзіла ў адноўленым касцёле. Галоўным цэлебрансам быў кс. Мечыслаў Янчышын, дзекан Глыбоцкі. Слова Божае прамовіў кс. Віктар Місевіч. Прамаўляючы гамілію, ён распавёў вернікам кароткую біяграфію св. Антонія і разважаў над яго дарогай да святасці.
Падчас малітвы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам чыталася Літанія да св. Антонія Падуанскага. У некаторых вернікаў бачныя былі слёзы: быць можа, ўдзячнасці за выслуханую просьбу, быць можа, надзеі на выкананне просьбы. Св. Антоній традыцыйна ў многіх парафіях лічыцца магутным заступнікам. Да яго звяртаюцца з просьбамі аб навяртанне, аб вырашэнне складанай сітуацыі і аб знаходжанне згубленай рэчы або чалавека. Сапраўды, глыбокі сэнс маюць словы папы Льва ХІІІ, які назваў св. Антонія святым усяго свету.
Пасля эўхарыстычнай працэсіі вакол касцёла пробашч парафіі а. Міраслаў Капчэўскі OFMConv запрасіў падыйсці да алтара ўсіх дзяцей. Усе яны атрымалі ад святароў спецыяльнае благаслаўленне ў гонар св. Антонія Падуанскага.