Заўтра, 19 чэрвеня, у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна – на радзіме беларускага пісьменніка Васіля Быкава, адбудзецца традыцыйнае свята, прысвечанае 86-й гадавіне з дня нараджэння выбітнага літаратара.
Каля музея-сядзібы Быкава пройдзе ўручэнне прэміі “За свабоду думкі”, заснавальнікам якой з’яўляецца рух “За свабоду!” Сёлета яе будуць уручаць ужо ў трэці раз (у 2008 г. ёю былі ўганараваны народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, пісьменнік Уладзімір Арлоў і палітык Павел Севярынец, а ў 2009 г. – мастак Алесь Пушкін).
У праграму свята таксама ўвойдуць літаратурныя чытанні, падрыхтаваныя віцебскай філіяй ТБМ імя Францішка Скарыны, канцэрт беларускіх выканаўцаў, выстава “Постаці эпохі Быкава”, якую рыхтуюць культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча і мастацкая суполка “Пагоня”.