Народные новости Витебска

Прэмію “За свабоду думкі-2010” атрымала “маці пленэраў” Ада Райчонак

Сёння на радзіме народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава – у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна, адбылося традыцыйнае ўручэнне прэміі “За свабоду думкі” імя В.Быкава. Сёлета яе лаўрэатам стала кіраўніца культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча з вёскі Германавічы Шаркаўшчынскага раёна Ада Райчонак.

У гэтым годзе прэмія, заснаваная рухам “За свабоду!” на ўзор прэміі Еўрапарламэнта “За свабоду думкі” імя Сахарава, уручалася ўжо ў трэці раз. Ёй ўзнагароджваюць асоб, якія яскрава праявілі сябе ў грамадскай і творчай дзейнасьці на карысць Беларусі і свабоды. Лаўрэаты атрымліваюць дыпломы і стылізаваныя статуэткі, аўтарам якіх з’яўляецца скульптар Віктар Копач. Першымі ўладальнікамі прэміі ў 2008 годзе сталі народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, пісьменнік Уладзімір Арлоў і палітык Павел Севярынец. Летась прэмія “За свабоду думкі” была ўручана мастаку Алесю Пушкіну.

А сёлета лаўрэатам ўпершыню стала жанчына. Высокую ўзнагароду Ада Эльеўна прыняла з рук леташняга лаўрэата Алеся Пушкіна. “Гэтая прэмія павінна несці адбітак жыцця Васіля Быкава - гэта справядлівасць, гэта праўда, годнасць. Надыйшоў час надаць гэту прэмію жанчыне, якая робіць Беларусь беларускай, і робіць гэта праз культуру. І ў гэтым годзе прэмію атрымлівае чалавек, які жыве не ў вялікім горадзе, бо беларушчына робіцца на месцах, тымі людзямі, якія жывуць у самай гушчы свайго народу. І сёлета прэмія “За свабоду думкі” ўручаецца Адзе Райчонак!” – адзначыў мастак.

Прымаючы ўзнагароду, Райчонак ўсхвалявана сказала: «Я ведаю, што ў Беларусі шмат людзей, якія для бацькаўшчыны зрабілі больш, чым я. Што я зрабіла? Чатыры музеі — два з іх дзяржаўныя, яшчэ два належаць цэнтру Язэпа Драздовіча, якім я кірую ўжо 11 гадоў. …Я ўспрымаю гэтую ўзнагароду як аванс, і гэта будзе прымушаць мяне працаваць яшчэ больш».

Пасля цырымоніі ўручэння прэміі каля сядзібы-музея В.Быкава адбылося свята, прысвечанае 86-годдзю з дня нараджэння выбітнага літаратара. Каля ганку яго роднай хаты чыталі вершы, гучалы цымбалы, падвялі вынікі конкурсу “Што я ведаю пра Быкава?”, адбыўся канцэрт мінскага гурта “Рэха”. У двары сядзібы была арганізавана выстава пад адкрытым небам “Постаці эпохі Васіля Быкава ў творчасці беларускіх мастакоў”, на якой былі прадстаўлены жывапіс Віктара Крука і габелены Святланы Баранкоўскай. Удзельнікі свята таксама напісалі беларускую дыктоўку, тэкст якой (урывак з твору Быкава “Доўгая дарога дадому”) зачытала народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.

Ушанаваць памяць “апостала нацыі” прыехала больш за сто чалавек – пісьменнікі, паэты, палітыкі, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі з розных гарадоў Беларусі. Увагу да імені Быкава засведчылі нават супрацоўнікі Ушацкага райвыканкама. Сярод ганаровых гасцей свята былі паэт Генадзь Бураўкін, кіраўнік руху “За свабоду!” Аляксандр Мілінкевіч і ягоны намеснік Віктар Карняенка, сястра Быкава Валянціна Уладзіміраўна, віцебскія літаратары Уладзімір Папковіч, Франц Сіўко, Людміла Сіманёнак, кіраўнік віцебскай філіі ТБМ імя Ф.Скарыны Іосіф Навумчык.

Даведка “ННВ”: Ада Эльеўна Райчонак – колішні вязень Віцебскага гета, былая вясковая настаўніца рускай мовы і літаратуры. Усё жыццё прысвяціла збіранню і прапагандзе спадчыны вядомага мастака, этнографа, асветніка Язэпа Драздовіча. Стварыла ў сваёй вёсцы Германавічы два музеі – музей мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча і недзяржаўны літаратурна-мастацкі музей імя свайго заўчасна памерлага сына, пісьменніка і грамадскага дзеяча Міхася Райчонка. У 1995 годзе заснавала культурна-асветніцкі цэнтр імя Я.Драздовіча. Яе часта называюць “маці пленэраў”, бо яна пастаянна арганізоўвае мастацкія пленэры, прысвечаныя творчасці выбітных асоб – Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча і інш. Выкупіла і прыводзіць у належны стан сядзібу сусветна вядомага селекцыянера Івана Сікоры.