У Віцебску сустрэлі копію Турынскай плашчаніцы
У віцебскім касцёле Езуса Міласэрнага сёння раніцай урачыста сустрэлі копію Турынскай плашчаніцы. Святую імшу з нагоды вітання ўзначаліў біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін. Гамілію прамовіў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк з мінскага касцёла Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл), дзе і захоўваецца дадзеная, шостая па ліку, копія Турынскай плашчаніцы.
Звяртаючы да вернікаў, біскуп Уладзіслаў Блін сказаў, што ён вельмі рады таму, што яны “не паехалі сёння на лецішча, не адправіліся ў госці, а прыйшлі памаліцца да копіі Турынскай плашчаніцы”. Кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі адзначыў, што ўсе мы павінны дзякаваць Богу за любоў, якой у нас усё ж такі вельмі мала. Ён выказаў спадзяванне, што прывезеная ў Віцебск рэліквія дапаможа вернікам “умацаваць сваю веру, надзею і любоў” і не баяцца ахвяраваць сябе дзеля іншых. “Бо любоў – гэта таксама пакуты”, – сказаў Уладзіслаў Блін. Падчас свайго прывітальнага слова ён некалькі разоў прамовіў да вернікаў: “Крэпка вас усіх люблю”. Гэта прызнанне не магло не крануць…
У касцёле Езуса Міласэрнага копія рэліквіі будзе знаходзіцца два тыдні. Штодзень раніцай (а 9-й) і ўвечары (а 18-й) тут будуць праходзіць святыя імшы, перад якімі вернікам будзе прадастаўляцца магчымасць прыступіць да сакраманту споведзі. Штодзень а 15-й будзе пачынацца вяночак да Божай Міласэрнасці, а 20-й – адарацыя Найсвяцейшага сакраманту, набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
4 ліпеня копія святыні накіруецца ў Оршу, у парафію Беззаганнага Сэрца Марыі. З 8 ліпеня плашчаніца будзе вандраваць па ўсходняй частцы Віцебскай дыяцэзіі і яе найбуйнейшых парафіях. Завяршэнне пілігрымавання копіі рэліквіі плануецца на восень.
Турынская плашчаніца – гэта чатырохмятровае льняное палатно, у якое, па паданні, Юзаф з Арыматэі завярнуў цела Езуса Хрыста пасля Яго смерці на крыжы. Яно захоўваецца ў саборы Святога Яна Хрысціцеля ў Турыне (Італія). Адсюль і назва святыні – Турынская. На тканым саване, у які было абгорнута цела Езуса Хрыста, цудоўным чынам засталіся адбіткі аблічча і цела Збавіцеля, сляды крыві, якая цякла з ран. Саван-плашчаніца з’яўляецца адной з найвялікшых рэліквій хрысціянства, сведчаннем галгофскіх падзей двухтысячагадовай даўнасці.
Копію Турынскай плашчаніцы прывезлі ў мінскі Чырвоны касцёл у маі 2002 года. Вернікі сталіцы атрымалі магчымасць ушаноўваць яе копію дзякуючы працы навукова-даследчага цэнтра па вывучэнні Турынскай плашчаніцы, створанага пры касцёле ў 2000 годзе.