Народные новости Витебска

Лялечны “Дэкамерон”

У рэпертуары Беларускага тэатра “Лялька” з’явіўся новы спектакль для дарослых — “Дэкамерон”, пастаўлены мастацкім кіраўніком калектыву рэжысёрам Віктарам Клімчуком. Гэта сучасная імправізацыя на тэмы навел Джавані Бакаччо — народная камедыя, што разыгрываецца на залітай промнямі сонца італьянскай карнавальнай плошчы.

Для лялечнага тэатра, вядомага найперш пастаноўкамі для дзяцей, “Дэкамерон” — матэрыял прынцыпова новы. Ён не павучае, а цешыць гледача каскадам жартаў, спевамі і скокамі пад музыку Алега Залётнева. Сімпатычныя лялькі, прыдуманыя Ганнай і Аляксандрам Сідаравымі, дэманструюць вельмі рызыкоўныя камічныя і любоўныя сцэны. У спектаклі шырока выкарыстоўваюцца магчымасці мультымедыйнай праекцыі.

Пра што распавядае “Дэкамерон”? Пра пошукі шчасця ў няпростым жыцці. Пра тое, што без кахання гэтае шчасце поўным не ўяўляецца. Пра тое, што гумар, які ратаваў ад маральнага заняпаду сучаснікаў Бакаччо падчас чумы чатырнаццатага стагоддзя, аказваецца не менш актуальным у часе стрэсаў стагоддзя дваццаць першага.

Паасобныя сцэны нітуе ў скразное дзеянне энергічны Аўтар у выкананні любімага публікай Алеся Маханькова. А побач з такімі прызнанымі майстрамі сцэны, як Вольга Маханькова, Ганна Сцепанец, Алег Рыхтэр, Вольга Лазебная і Аляксей Макарскі у “Дэкамероне” стварылі свае першыя на прафесійнай сцэне ролі маладыя артысты Міхась Клімчук і Валерый Зімніцкі.