На Успенскай горцы дэмантавалі крыж Еўфрасінні Полацкай
Віцебск сустракае “Славянскі базар” без адной са сваіх славутасцяў — на Ўспенскай горцы дэмантаваны шматметровы шасціканцовы крыж Еўфрасінні Полацкай.
На горцы перад Успенскім саборам вядуцца земляныя працы — здымаецца частка грунта для ўсталявання лесвіцы. Вялізны жалезны крыж выняты з пастамента і цяпер ляжыць на ўскрайку на драўляных паддонах. Таблічку, якая паведамляла, што крыж усталяваны і асвечаны ў 1998 годзе мітрапалітам Філарэтам у гонар Еўфрасінні Полацкай, забрала да сябе епархія. Як паведамілі рабочыя, яны не ведаюць ці планцуецца пасля сканчэння працаў усталяваць крыж на ранейшым месцы, ці перанесці ў іншае.
Цікава, што ў гарадской народнай тапаніміцы ўжо прыжылася назва гэтага месца, як Крыж або Крест — “сустрэцца ля Крыжа”, “пойдем на Крест”. На Ўспенскай горцы на месцы мяркуемага забойства Язафата Кунцэвіча драўляныя крыжы неаднаразова ўсталёўваліся ў пачатку 1990-х гадоў грэка-каталікамі, аднак яны знішчаліся. Як вышэй паведамлялася, у 1998 годзе на гэтым жа месцы праваслаўныя ў прысутнасці мітрапаліта Філарэта ўсталявалі шасціканцовы крыж у гонар Еўфрасінні Полацкай.
За землянымі працамі на Ўспенскай горцы назіраюць археолагі. Якраз пад час візіту нашага карэспандэнта рабочыя перадавалі ім знойдзеныя кавалкі кафлі, верагодней за ўсё XIX стагоддзя.