Грамадзянскага актывіста з Віцебска Сяргея Белязеку могуць абвінаваціць ў абразе прэзідэнта на аснове зваротаў у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія ён дасылаў.
У канцы 2009 года спадар Белязека звярнуўся да кіраўніка краіны з заявай аб адмове ад грамадзянства, і просьбай выслаць яго за мяжу, як у савецкія часы высылалася дысыдэнты. Матываваў гэта актывіст тым, што ў Беларусі парушаюцца яго грамадзянскія правы — яго некалькі разоў затрымлівалі за ўдзел у апазыцыйных акцыях, а таксама ўжо некалькі гадоў ён адчувае цяжкасці з працаўладкаваннем.
Той ліст быў перанакіраваны ўМУС, адкуль начальнік Дэпартамента грамадзянства і міграцыі Аляксей Бягун адказаў, што ў заканадаўстве Беларусі не прадугледжаны адмову ад беларускага грамадзянства.
Пасля гэтага Сяргей Белязека накіраваў яшчэ два звароты ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Апошні з іх быў перанакіраваны ў Упраўленне ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама, адкуль спадар Белязека атрымаў адказ, зварот “оставлен без рассмотрения по существу, так как в нём содержатся нецензурные слова и оскорбительные выражения”.
16 ліпеня ў сваёй паштовай скрыні віцебскі актывіст знайшоў копію зварота з Пракуратуры Віцебскай вобласці ў Пракуратуру Чыгуначнага раёна горада Віцебска старэйшаму дарадцы юстыцыі Ягораву В. В. за подпісам намесніка пракурора вобласці А. В. Сідаровіч: “О проведении проверки. / Для рассмотрения и организации проверки в порядке статьи 174 Уголовно Процессуального Кодекса Республики Беларусь в части наличия в действиях Белязека С. В. состава преступления, предусмотренного статьёй 368 Уголовного Кодекса Республики Беларусь, направляется материал по обращению последнего, поступившему в Администрацию Президента Республики Беларусь. / О результатах проведения проверки сообщите в прокуратуру области и инициатору обращения. / Приложение (обращение и ответы) на 12 листах”.
Такім чынам намеснік пракурора вобласці загадвае Пракуратуру Чыгуначнага раёна Віцебска правесці праверку ці не было ў зваротах спадара Белязекі публічнай абразы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (артыкул 368 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).
Грамадзянскі актывіст лічыць, што супраць яго збіраюцца ўзбудзіць крымінальну справу за “за дзейнасць па абароне правоў чалавека і свабоды асобы”, ён тулмачыць ініцыяцыю праверкі наступным чынам:
— Чаму гэта адбываецца? А праблема ў тым, што я напісаў у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь цэлых тры лісты. Менавіта гэта і настроіла іх так агрэсіўна і негатыўна супраць мяне. Ды і ў дадзеным маім звароце ў Адміністрацыю Прэзідэнта я згадваў пра ўрача-псіхіятра Магілёўскай і Бабруйскай бальніц доктара Шчыгельскага.