Пайшла з жыцця Алена Залеская
На 78-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы пайшла з жыцця Алена Васільеўна Залеская. Яна была вядома як адна са старэйшых актывістак дэмакратычнага руху Віцебшчыны.
У пачатку 2000-х яна кіравала гарадской, а потым і абласной арганізацыяй АГП. Была арганізатаркай і удзельніцай шматлікіх апазіцыйных акцый, у тым ліку і шматлікіх “Ланцугоў неабыякавых людзей”.
Алена Залеская вылучалася сваёй прынцыповасцю, бескапмпраміснасцю, вытанчанай інтэлігентнасцю. Яе ініцыятыўнасці, актыўнасці маглі пазайздросціць многія маладыя людзі. І да апошніх дзён свайго жыцця яна заставалася жанчынай з вялікай літары – заўсёды сачыла за сабой, апраналася з адметным густам. Дарэчы, Алена Васільеўна добра шыла, вязала, няблага спявала. Яна была добрай, патрабавальнай маці для сваіх дзьвюх дачок і пяшчотнай бабуляй для ўнукаў.
Пахаванне Алены Васільеўны Залескай адбудзецца заўтра, 29 ліпеня. Рэдакцыя “ННВ” глыбока смуткуе з нагоды смерці гэтай незвычайнай жанчыны і выказвае свае спачуванні родным і блізкім Алены Залескай.