Базылянскі манастыр у Оршы — час раскідаць камяні быў, час збіраць камяні не прыйшоў?
У цэнтры Оршы паступова ператвараецца ў друз гісторыка-культурны помнік “Базылянскі манастыр”, рэстаўрацыя якога так і не пачалася, нягледзячы на перадачу праваслаўнай царкве 5 гадоў таму.
Некалі двухпавярховы будынак, які знаходзіцца за будынцам Аршанскага ГАУС быў цэнтрам развіцця вуніяцтва ў рэгіёне. Быў ён не толькі цэнтрам адукацыйным і духоўным, але ж і архітэктурным. Царква Пакрова Багародзіцы манастырскага комплексу ўзносілася над горадам амаль на 40 метраў у вышыню і была бачная далёка за яго межамі (Орша тады была не такой вялікай).
Прайшоў час, вуніятаў з краіны выціснулі і будынак перадалі праваслаўным, якія таксама выкарыстоўвалі яго па прызначэнні – як манастыр. А ў 1960-х царкву было вырашана знесці. Метровыя ў шырыню сцены паддаліся разбурэнню з цяжкасцю. Каб знішчыць іх давялося выклікаць сапёраў з Масквы.
Зразумела чаму рэлігійны комплекс разбуралі камуністы, але ж чаму цяпер, калі будынак належыць праваслаўнай царкве, яго разбурэнне працягваецца? Пытанне надта дзіўнае. Тым не меньш факт застаецца фактам.
У 2005 годзе на падмурку царквы мясцовая міліцыя распачала будаўніцтва Ізалятара часовага ўтрымання. Грамадскімі сіламі будаўніцтва ўдалося перанесці ў выніку падмуркі не былі пашкоджаныя. Але актуалізаваўшы праблему Базылянскага манастыра грамадскасць і краязнаўцы не чакалі, што справа павернецца такім бокам.
Мясцовыя чыноўнікі, баючыся адказнасці за знішчэнне помніка — у тым жа годзе на будынку разбурыўся дах і помнік пачаў развальвацца праз дажды і марозы – перадалі яго праваслаўным. Панавалася, што там будзе адчынены жаночы праваслаўны манастыр, потым будычы манастыр пераходзіў паміж самімі праваслаўнымі звершнікамі з рук у рукі. І за ўсе пяць год перадачы адно аднаму справа аднаўлення святыні з месца так і не зварухнулася.
Будынак абнеслі бетонным плотам, на Дажынкі прыкрылі камуфляжнай сеткай – каб ніхто не пабачыў руіны ў цэнтры гораду, побач паставілі сруб будучай царквы. На гэтым усё. У самім жа будынку, як і раней растуць дрэвы, сцены амываюцца дажджамі і завальваюцца снегам.
Гаротны стан і паступовая дэградацыя гісторыка-культурнага помніка “Базылянскі манастыр” ставіць перад грамадскасцю краіны вельмі вострае пытанне — наколькі слушная і бяспечная перадача помнікаў у маёмасць рэлігійных устаноў? Ці маюць яны магчымасці і жаданне аднаўляць і захоўваць архетэктурныя каштоўнасці нацыі не толькі як утылітарныя будынкі, але і як гістарычную каштоўнасць перададзеную нам у спадчыну продкамі? Можа варта маліцца за тое, каб тая ж полацкая Сафія як мага надалей засталася музеем у руках дзяржавы, якая як ніяк, а клапоціцца пра яе захаванне?
Першае і другое фота выкарыстаныя з партала Radzima.org.