Праз Віцебск прайшоў вела-прабег Плоцк-Катынь
12 жніўня ў Віцебск прыбылі ўдзельнікі велапрабегу Плоцк-Катынь, прымеркаванага да 70-й гадавіны растрэлу ў Катыні польскіх ваеннапалонных.
У велапрабегу прымаюць удзел пяцёра сяброў парафіяльна-вучнёўскага спартовага клуба “Вікторыя” (Parafialno-Uczniowski Klub Sportowy „Viktoria”) пры парафіі Святога Язэпа ў Плоцку: два настаўнікі — Лешэк Бжэскі і Юзаф Бялецкі, студэнт Пётар Антосік, вікарый парафіі ксёндз Адам Бжэзінскі і працаўнік аўтазапраўкі Збігнеў Хайніцкі.
Вандроўка вырушыла з Плоцку 6 жніўня і спачатку накіравалася да Вільні, беларускую мяжу веласіпедысты перасяклі 10 жніўня.
Як адзначыў прэзідэнт клуба Лешэк Бжэскі, першапачатковая мэта прабегу — ўшанаваць памяць ахвяр Катынскага растрэлу, але ў сувязі з красавіцкай трагедыяй, калі пад Смаленскам рабіўся самалёт прэзідэнта Польшчы, велааматары даедуць да месца катастрофы і запаляць там свечкі.
У Віцебску польскія госці наведалі “Еўрапейскі клуб”, дзе прадставілі мастацкі фільм Анжэя Вайды “Катынь”, нядаўна перакладзены тэлеканалам “Бел*ат” на беларускую мову. Затым яны агледзелі гістарычны цэнтар Віцебска і пабывалі ў касцёле Святой Барбары.
12 жніўня велапрабег рушыў у Катынь ад месца растрэлаў у часы сталінскіх рэпрэсій пад Паляямі, дзе ўдзельнікі вандроўкі запалілі свечкі каля ўсталяваных віцебскімі грамадскімі актывістамі крыжоў.