У Задарожжы адсвяткавалі стагоддзе касцёла
15 жніўня ў парафіі Маці Божай Ласкавай у Задарожжы адбылося вялікае свята. Вернікі святкавалі 100-годдзе свайго касцёла.
Касцёл у Задарожжы быў пабудаваны у 1601 годзе па загаду караля Рэчы Паспалітай у якасці падзякі Богу за перамогу ў бітве. Стары касцёл на жаль згарэў у полымі пажару ў 1902г. Намаганнямі ахвярадаўцаў і вернікаў парафіі, а таксама пробашча кс. Антонія Валентыновіча ў 1910г. паўстала новая святыня, якая радуе вока людзей і ў нашыя дні. Немалаважным фактам з гісторыі Задарожскай парафіі з’яўляецца і тое, што менавіта тут быў ахрышчаны прэм’ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі Вацлаў Ластоўскі.
На свята ў Задарожжа з’ехалася мноства людзей. Гэта лёгка патлумачыць. Тут напрацягу 50 год працаваў на жніве Пана нястомны пастыр кс. Люцыян Паўлік МІС. У савецкія бязбожныя часы ён пахрысціў і павянчаў у гэтым касцёле шмат людзей. Таму многія беларусы сёння адчуваюць моцную сувязь з Задарожжам, нягледзячы на месца свайго пражывання.
На самым пачатку святкавання ў касцёле была прадстаўлена кампутарная прэзентацыя пра гісторыю і жыццё Задарожскай парафіі. Затым Св. Імшу ўзначаліў пастыр дыяцэзіі кс. біскуп Уладзіслаў Блін. Ён падзякаваў Богу за магчымасць маліцца на юбілейнай св. Імшы і прыгадаў свае задарожскія карані. Слова Божае прамовіў а. Вячаслаў Пялінак МІС. Ён распавёў кароткую гісторыю касцёла ў Задарожжы і засяродзіўся на адданай працы шматгадовага пробашча а. Люцыяна Паўліка МІС.
Падчас св. Імшы адбыліся дыяканскія пасвячэнні. З рук біскупа Уладзіслава першую ступень сакрамэнту святарства атрымаў кл. Генадзь Ляўкоў. Пасля св. Імшы перад касцёлам урачыста была пасвечаная фігура Маці Божай. На ўрачыстасці падчас малітвы і пасля яе спявалі музычныя калектывы з Браслава, Друі, Гродна і Глыбокага.
Свята ў Задарожжы было добра падрыхтавнае. На вуліцы выступалі музычныя калектывы. Жадаючыя маглі набыць прадметы рэлігійнага культа ці проста падсілкавацца. Увесь цяжар падрыхтоўчай працы лёг на плечы цяперашняга пробашча ў Задарожжы кс. Эдварда Нарадоўскага і парафіянаў. Вялікую дапамогу аказалі мясцовыя ўлады і дзяржаўныя арганізацыі.
Як сказаў у гаміліі а. Вячаслаў Пялінак МІС, не мы з’яўляемся аўтарамі гэтага свята. Аўтары – гэта тыя, хто будаваў святыню, хто ў ёй пакутаваў і хто яе ратаваў ад бальшавікоў. Мы толькі нашчадкі, з вуснаў якіх сёння можа гучаць толькі шчырае “Дзякуй!” Богу і продкам за прыгажосць Задарожскай святыні.