Плыў на той бераг, а трапіў на той свет…
Нягледзячы на тое, што купальны сезон скончыўся, на рэках і азёрах Віцебшчыны тонуць людзі.
Як паведамляе Асвод, за апошні тыдзень (23-29 жніўня) у вадаёмах Віцебскай вобласці ўтапіліся 15 чалавек. Сярод загінулых не было дзяцей. Затое – шмат людзей у гадах.
Гэтак, 25 жніўня ў вёсцы Слабада Бешанковіцкага раёну 64-гадовы пенсіянер вырашыў пераплыць Дзвіну нават не распрануўшыся. Па інфармацыі Асвод, дзядзька перапраўляўся на той бераг, каб набыць гарэлкі. А пераправіўся – на той свет… На Мёрскім возеры паджылы чалавек зваліўся з дамбы, адкуль вудзіў рыбу, ды захлынуўся – быў не зусім цвярозы. Гарэлка загубіла жыццё і 57-гадовага пенсіянера, які, добра паддаты, палез купацца ў Дзісну ў вёсцы Юзэфава Шаркаўшчынскага раёна.
Сёлета ў Віцебскай вобласці на вадзе загінула ўжо 191 чалавек, у тым ліку 13 дзяцей.