У Параф’янаве адбыўся фэст у гонар Найсвяцейшага Імя Маці Божай
12 верасня ў Параф’янаве (Докшыцкі дэканат Віцебскай дыяцэзіі) прайшоў фэст у гонар Найсвяцейшага Імя Маці Божай. Вернікі з усёй парафіі з’ехаліся, каб прыняць удзел ва ўрачыстасці. Былі таксама госці з іншых дыяцэзій, якіх шчыра прывітаў пробашч кс. Марат Казлоўскі.
На свяце прысутнічалі святары з Докшыцкага і Браслаўскага дэканатаў. Кс. Юрый Жаўняровіч з Дрысвятаў цэлебраваў Найсвяцейшую Ахвяру і прамовіў гамілію. Ён звярнуў увагу слухачоў на тое, што ў Марыі чалавек можа найлепш разгледзець вобраз Божы. Кс. Юрый заахвоціў вернікаў весці скромнае і пакорнае жыццё на ўзор Маці Божай.
Шмат людзей прыступіла да Сакрамэнту споведзі і прыняло Хлеб Нябесны – Святую Камунію. Адбылася традыцыйная Эўхарыстычная працэсія, прыгажосцю якой былі дзеткі і моладзь.
Калі яны сваім сэрцам прымаюць Езуса – значыць Касцёл у Беларусі жыве.