Live in Rock у Полацку

Новы канцэртны сезон у полацкім “Live in Rock” распачаўся 26 верасня акустычным выступам Піта Паўлава, гітарыста “NRM”, заснавальніка “Garadskija”, “Pete-Paff” і шматлікіх іншых праектаў.

Не падрыхтаваны да “музычнай сустрэчы” замест трэш-слэму так званы электарат не адразу пранікся ўвагай і цікавасцю да шаноўнага музыкі. Перыядычна ўзнікала пытанне “кто это?”, “ой, музыка такая... ммм... на Гараж/Флёр похоже”. Але пераломным момантам сталі каверы-пераклады Metallica “Сродак і Мэта” (Nothing Else Matters) і Red Hot Chili Peppers “Беларусізацыя” (Californication). Перакладзеныя “максімальна блізка да арыгіналаў”, яны зрабілі, падавалася ўжо, немагчымае. Узрадаваныя, што пачулі знаёмыя мелодыі, самазабыўна падпявалі тую ж “Беларусізацыю” нават тыя, хто яшчэ не праходзіў гэтае складанае слова ў школе. Ужо на біс Піт сыграў для Полацка легендарных “Трох Чарапах”, чым і сарваў сапраўдныя авацыі.

Прыемным працягам канцэрту стаўся выступ полацкага гурта “Версия”. Жывы сапраўдны Рок у лепшых яго традыцыях выклікаў глыбокую павагу да творчасці Паўла Сляпцова і яго каманды, бо праз гады музыкі не згубілі шчырасці і глыбіні арыентыраў сваё справы.

“Город N” – малады гурт, пафасны трагізм лірыкі якога засланяе ўсялякую спробу разгледзіць іх адэкватна і пазітыўна. Цалкам верагодна, што праз год 20 гарадскія тэксты сапраўды будуць адлюстроўваць расчараванне музыкаў у каханні, жыцці, сусвеце. Але пакуль гіпербалізаваная драматычнасць моцна псуе ўражанне ад зробленай камандай працы і хутка ператварае слухачоў у Станіслаўскага, што надрыўна крычыць “Не Верю!!!”

Лепельскія госці “Мимика”, у мінулым гурт “Мастер и Маргарита”, былі лёгкім рамантычным рок-пераходам у чырвоных танах дрэс-коду з дзявочым вакалам да каліфарнійскага панка полацкай вытворчасці, якім пачаставаў “Лишний Грамм”. Панкі яны такія панкі: вялікі фан-клуб і некалькі лішніх грамаў пасля выступу – танцуйце, пакуль маладыя, дарагія каліфарнійскія панкі, танцуйце.

“Делай выстрел – цель твоя”. Мінчукі-металісты “Shot” стрэлілі і пакінулі адно з самых прыемных і найярчэйшых уражанняў за канцэрт. Заборыста і смачна, энергічна і ў меру экстрымальна ўзбударажылі, чым і запомніліся.

Завершылі вечар рэзідэнты клубу “Devill Waltz”. З пэўнымі зменамі ў складзе і ўключэннем жывых клавішных партый змянілі звыклае ўспрыманне сваёй творчасці, але ўсё тым жа знаёмым скрымам нагадалі, што Люцыфер нязменна танчыць з намі вальс пад самай столлю рок-клубу кожны раз, як каманда выходзіць на сцэну.

Хочаш Року? Едзь у Полацк! Сезон распачаты!

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ