Фэст у Дунілавічах
29 верасня ў дзень святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Дунілавічах адбыўся фэст. На свята прыйшлі парафіяне і прыехалі святары з розных дэканатаў. Цікава, што, мабыць, уперашыню ў Віцебскай дыяцэзіі загучалі Гадзінкі ў гонар св. Арханёла Міхала.
Вернікі маліліся гэтай прыгожай малітвай у суправаджэнні парафіяльнага хора, якім дырыгаваў Зміцер Гарэлаў, навучэнец Каталіцкага Універсітэта ў Любліне, Польшча. Смела можна сказаць, што выкананне такога рэдкага спеву вернікамі ў Дунілавічах – гэта яго заслуга.
Святую Імшу цэлебраваў кс. дэкан Андрэй Возьняк з Паставаў. Канцэлебравалі прысутныя святары. Слова Божае прамовіў кс. Віктар Місевіч. Ён прысвяціў гамілію праблеме рэлігійнай інфантыльнасці і засяродзіўся над роляй анёлаў у збаўленні чалавека. Пасля Эўхарыстыі і словаў падзякі пробашча кс. Паўла Самсонава адбылася Эўхарыстычная працэсія. Сабраныя вернікі прасілі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам заступніцтва святых арханёлаў, была прачытаная Літанія да св. Міхала Арханёла.
Варта адзначыць, што гонарам Дунілавіцкай парафіі з’яўляецца гатычная манстранцыя – рэдкасць у беларускіх парафіях. Падчас атэістычных ліхалеццяў вернікі ў сваіх хатах з пашанай захоўвалі святое начынне і цяпер яно змяшчае ў сабе бясцэнную каштоўнасць – жывога Езуса ў постаці хлеба.
Сённяшні свет патрабуе магутнага заступніцтва. Нашая краіна Беларусь аддадзеная ў апеку св. Міхалу Арханёлу. Молімся, каб споўніліся словы малітвы:
“Святы арханёле Міхале, Князю войска нябеснага, моцаю Божаю скінь у пекла сатану і іншых злых духаў, якія на згубу душаў снуюць па свеце. Паспрыяй, каб мы праз усю вечнасць былі вернымі твайму закліку «Хто ж, калі не Бог!» Амэн.”