Аршанская гарадская і раённая арганізацыі партыі “Справядлівы свет” падалі ў суд скаргу на незаконнае, па іх меркаванні, фармаванне Аршанскіх гарадской і раённай тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Суд прыняў рашэнні…
Партыйцы падалі ў суд, бо мяркуюць, што камісія была сфармаваная незаконна. Іхніх прадстаўнікоў позна праінфармавалі пра пачатак паседжання і яны не маглі прысутнічаць на паседжанні, а таксама на тым жа паседжанні не было абмеркавання выстаўленых кандыдатураў.
Супрацоўнік выканкаму Віктар Калачоў відавочна быў не гатовы да суду, бо не змог прадставіць не толькі пратаколу паседжання на якім фармаваліся камісіі (з’явіўся пратакол толькі пасля перапынку), але і даверанасці, паводле якой ён мог бы прадстаўляць інтарэсы выканкаму ў судзе.
Сведкі з боку выканкаму, прысутнасці якіх запрасіў пракурор часта блыталіся ў паказаннях. Не змаглі назваць прычынаў па якіх прадстаўнік партыі не ўвайшоў у камісію. Таксама, пасля перапынку сведкі з боку выканкаму ў адзін голас казалі, што абмеркавання на супольным паседжанні гарвыканкаму і прэзідыюму савету дэпутатаў не адбывалася таму, што раніцай таго ж дня было праведзена “папярэдняе абмеркаванне”.
Закон не прадугледжвае аніякіх папярэдніх абмеркаванняў кандыдатураў, але ж і не забараняе. У сувязі з чым суд пастанавіў, што такая форма стварэння камісіяў цалкам законная.