Зборшчыкі подпісаў за Някляева забараняюць фатаграфаваць свае пікеты
У Віцебску актывістка, якая шляхам пікетавання збірала подпісы за Уладзіміра Някляева каля “Сіняга дому”, запатрабавала ад карэспандэнта “Народных навінаў Віцебска” спыніць фатаграфаванне, а пасля проста ўцякла з месца збора подпісаў.
Пасля таго як усталявался добрае надвор’е актываваліся ініцыятыўныя групы па вылучэнню кандыдатаў у прэзідэнты. Калі 5 кастрычніка насупраць плошчы Свабоды стаялі пікеты толькі трох прэтэндэнтаў на галоўную пасаду краіны, то сёння там было ўжо сем пікетаў — Кастусёва, Лукашэнкі, Міхалевіча, Саннікава, Статкевіча, Раманчука і Рымашэўскага. Стэнды дэмакратычных кандыдатаў размешчаныя ў прытык і апрацоўваюць падпісантаў канвеерам, сборшчыкі подпісаў за дзеючага кіраўніка краіны некалькі ад іх дыстанцуюцца. Ні на адным з гэтых пікетаў не выказалі прэтэнзій да фотарэпарцёра.
Аднак, калі карэспандэнт “Народных навінаў Віцебска” стаў фатаграфаваць пікет Уладзіміра Някляева, то жанчына ў чырвоным гандлярскім фартуху, якая збірала подпісы, катэгарычна заявіла, што яны супраць здымак. На пытанне ці афіцыйная гэта пазіцыя спадара Някляева ў адносінах да свабоды прэсы, фотарэпарцёр пачуў ашаламляльны адказ: “А мне все равно кто — Некляев или Лукашенко!”. Пасля гэтага актывістка кінула сабраныя подпісы і ўцякла ў яму да будуючайся піраміды.