Уладзімір Правальскі заяўляе пра выкраданне брата
Віцебскі прадпрымальнік, які вырашыў балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах, напісаў скаргу ў Першамайскі РАУС, дзе амаль суткі знаходзіўся яго брат і сябра ініцыятыўнай групы Юры Правальскі. Патэнцыйны кандыдат лічыць, што ягонага брата выкралі, бо родным не казалі ні дзе ён знаходзіцца, ні прычын затрымання супрацоўнікамі міліцыі. У. Правальскі лічыць, што гэта было зроблена, каб перашкодзіць збіранню подпісаў.
Уладзімір Правальскі паведаміў, што яго брата Юрыя затрымалі 15-га кастрычніка на вуліцы, калі ён вяртаўся з працы:
-- Да яго пад’ехала машына, з яе выйшлі 4 супрацоўнікі, нічога не патлумачылі, і завезлі яго ў Першамайскі РАУС. Але пра гэта мы даведаліся толькі праз суткі. Бо ў вечар затрымання нам удалося высветліць толькі тое, што брат – у Першамайскім РАУС. Прычын затрымання нам ніхто не назваў і ўвогуле супрацоўнікі райаддзелу заявілі, што Ю.Правальскага ўжо павезлі ў ізалятар часовага ўтрымання. Мы кінуліся туды, але там брата не было. Вярнуліся ў райаддзел. Я напісаў скаргу на імя начальніка – чаму нас падманваюць і не кажуць, што здарылася. Назаўтра, у суботу, мы зноў прыехалі ў міліцыію. І тут мне пашанцавала – я ўбачыў Юрыя, якога некуды вялі, і ён паспеў крыкнуць: “Мне хочуць зрабіць укол!”
Патэнцыйны кандыдат звярнуўся ў незалежныя СМІ, чаго ніколі не рабіў раней. Бо на дапамогу афіцыйных структур ужо не разлічваў. Літаральна праз паўгадзіны пасля таго, як звесткі пра затрыманне брата трапілі ў інтэрнэт, яго адпусцілі, кажа Уладзімір Правальскі.
На ягоную думку, затрыманне брата – гэта свядомая правакацыя супраць яго самога. У. Правальскі кажа:
-- Мае сваякі – сябры маёй ініцыятыўнай групы. І замест таго, каб збіраць подпісы, што асабліва эфектыўна ў выходныя, мы мусілі суткі займацца пошукамі Юрыя. Урэшце ён расказаў, што ў міліцыі на яго не склалі ніводнага пратакола і нават не патлумачылі, чаму затрымалі. Я падаю заяву ў Генеральную пракуратуру, бо лічу, што мела месца антызаконная спроба перашкодзіць асобе, якая вылучаецца на пасаду Прэзідэнта.