Адбудаваны Успенскі сабор прыцягвае погляды як жыхароў, так і гасцей Віцебска. Самы просты шлях да яго, пакуль не пабудаваныя лесвіцы на Успенскую гару, па вуліцы камісара Крылова, але зараз на гэтую вуліцу не зусім прыемна ды і не дужа бяспечна заходзіць пешаходу.
Згодна з дэталёвым планам цэнтральнай часткі горада з праектам рэгенерацыі гістарычнай зоны, распрацаваным УП “БелНДІПгорадабудаўніцтва”, вуліца Крылова мусіла стаць бязтранспартнай (пешаходнай) зонай. Аднак, чамусці, допраўпрадкаваная і выкладзеная брукаванкай вулічка ў гістарычнай частцы Віцебска ператварылася ў стыхійную аўтастаянку.
Узбочыны вуліцы шчыльна забітыя прыпаркаванымі аўтамабілямі (на момант візіта нашага карэспандэнта іх было 36), якія пачынаюць перашкаджаць наведнікам трапляць у размешчаныя тут установы. Вуліца ўжо занесеная ў турыстычныя маршруты, але ці цікава будзе турыстам замест гістарычнай забудовы аглядаць аўтапарк віцяблян?
Напэўна паколькі вуліца рэканструявалася як пешаходная, то на ёй не вылучаныя розным ўзроўнем тратуары. Пешаходы і манеўруючыя аўтамабілі рухаюцца па адной прасторы, што стварае павышаную небяспеку ДТЗ. Ніводнага знака, рэгулючага рух, нам убачыць не ўдалося.