Цэлую скрыню старасвеччыны назбіраў жыхар Віцебска Леанід Свецік літаральна з-пад бульдозернага нажа. Сярод яго знаходак ёсць прадметы XIX і нават, магчыма, XVIII стагоддзя.
Усе знаходкі віцяблянін зрабіў толькі ў адной кропцы — на месцы земляных працаў у парку ўздоўж вуліцы Калініна. Мы ўжо раней паведамлялі пра знойдзены тут чалавечы чэрап. “Рэчы ляжалі ледзь не на паверхні, варта было толькі пакапацца кійком у разварушанай бульдозерам зямлі”,— кажа спадар Свецік, — “Я не ўяўляю нават, што б маглі тут знайсці прафесійныя археолагі, калі не адмысловец назбіраў цэлую скрынку”. Аднак перад працамі ніякіх археалагічных даследванняў гэтай тэрыторыі чамусці не было.
Самая цікавая знаходка Леаніда Свеціка — безумоўна, кавалак непаліванай кафлі з лічбамі 1740 (магчыма 1746 або 1749). Лічбай на кафлі пазначалі год вырабу, а гэта значыць, што знойдзены ўзор адносіцца яшчэ да тых часоў, калі Віцебск знаходзіўся ў складзе Рэчы Паспалітай.
Яшчэ адзін прадмет з датай — манета наміналам 2 капейкі 1840 году. Сярод металічных знаходак таксама дзве медныя лыжкі і бронзавая спражка, магчыма, ад абутку.
Таксама ў скрыні археолага-аматара мы бачым аскепкі Кузняцоўскага фаянсавага посуду, вырабленага на мануфактуры ў Рызе, калі меркаваць па кляйму. Найбольшую ж колькасць знаходак складаюць самыя разнастайныя аптэчныя бутэлечкі з каляровага і празрыстага шкла.