Народные новости Витебска

Пашкоджаным дубам зоймецца пракуратура

Грамадскае аб’яднанне “Экадом”, у асобе выканаўчага дырэктара І. Капарыха, накіравала ў Віцебскую абласную пракуратуру скаргу, у якой просіць прыняць меры пракурорскага рэагавання па факце парушэння беларускага заканадаўства ў галіне аховы прыроды ў выніку прычынення шкоды старажытнаму дубу ў Бешанковічах.

Як раней паведамлялі “Народныя навіны Віцебска”, 28 кастрычніка ў Бешанковічах быў абпілаваны 400-гадовы дуб, з якім звязаная мясцовая легенда пра Напалеона. Цалкам магчыма, што каб не хваля публікацый у прэсе і грамадскае абурэнне, то дрэва канчаткова спляжылі б. Аднак і тое, што засталося ад былога волата, дрэвам ужо назваць цяжка.

Юрысты грамадскага аб’яднання “Экадом” лічаць, што ў дзеяннях бешанковіцкіх чыноўнікаў можна ўгледзіць склад крымінальнага злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 344 Крымінальнага кодэкса, дзе ўказана: “1. Наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў або матэрыяльных аб'ектаў, якія валодаюць адметнымі духоўнымі, мастацкімі і (або) дакументальнымі вартасцямі, і адпаведных аднаму з крытэрыяў адбору матэрыяльных аб'ектаў для прысваення ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці […].
2. Тыя ж дзеяннi, учыненыя паўторна, або групай асоб, […], — караюцца абмежаваннем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дванаццаці гадоў”.

Таксама Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях у артыкуле 15.09 прадугледжвае пакаранне за парушэнне рэжыму аховы і выкарыстання асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый для юрыдычнай асобы, якой з’яўляецца адміністрацыя Бешанковіцкага раёна, у памеры да 500 базавых велічынь.

Некаторыя чыноўнікі спрабуюць апраўдацца, сцвярджаючы, што старажытны дуб не меў ніякай каштоўнасці, быў шэраговым дрэвам і не знаходзіўся пад аховай дзяржавы. Але ў Нацыянальным кадастравым агенцтве пад кодам 2205904001, як помнік прыроды мясцовага значэння зарэгістраваны ўвесь парк сядзібы Храптовічаў у гарадскім пасёлку Бешанковічы. А закон “Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях” у артыкуле 40 сцвярджае: “Рэканструкцыя, перамяшчэнне, а таксама іншае змяненне прыродных комплексаў і аб'ектаў, размешчаных у межах помніка прыроды, а таксама размяшчэнне вытворчых і іншых аб'ектаў на прылеглых да помніка прыроды тэрыторыях, іх рэканструкцыя і перапрафіляванне ажыццяўляюцца толькі па праекце, узгодненым з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь або яго тэрытарыяльнымі органамі і іншымі дзяржаўнымі органамі ў адпаведнасці з нарматыўнымі прававымі актамі Рэспублікі Беларусь”.

Акрамя ўсяго вышэй пералічанага, дуб у Бешанковічах унесены ў турыстычныя маршруты. Напрыклад , у аўтамабільны маршрут “Па слядах Напалеона”, распрацаваны сумесным беларуска-латвійскім праектам “Бэлла Дзвіна”, які атрымаў ад Еўрапейскага Саюза амаль 487 тысяч еўра. Сярод партнёраў і атрымальнікаў фінансавай дапамогі значыцца і Бешанковіцкі раённы выканаўчы камітэт. Можна сабе ўявіць уражанне прадстаўнікоў ЕС, калі яны даведаюцца аб тым, на што пайшлі іхнія грошы.

Напрыканцы, у якасці прыкладу, як ахоўваюць старыя дрэвы нашыя суседзі, прыводзім фота польскага дуба Бартэка, пад якім, згодна падання, некалі свой суд чыніў кароль Казімір Вялікі.