Скаўты ў Бягомлі
6 і 7 лістапада парафія Хрыста Валадара Сусвету ў Бягомлі стала прытулкам для скаўтаў з Барысава. Прыехаў амаль цэлы звяз хлопцаў: кап’ё Мядзведзя і кап’ё Ястраба. Амаль увесь вольны час яны бавілі ў лесе, займаючыся рознымі практыкаваннямі: будавалі скаўцкія базы, праводзілі гульні і гатовілі ежу.
У парафіяльным доме ў Бягомлі прайшло імправізаванае Вогнішча з падрыхтаванымі загадзя сцэнкамі і конкурсамі.
Скаўты – моладзевая арганізацыя, збудаваная на хрысціянскіх каштоўнасцях. Таму падчас сустрэч абавязковай з’яўляецца малітва. У нядзелю на Св. Імшы скаўты служылі ля алтара, чыталі Божае слова. На службе стаяла ганаровая варта. Падчас знакавых момантаў св. Імшы узнімаўся скаўцкі сцяг.
У нядзелю адбылося шыхтаванне, на якім былі прызначаны кап’явыя і павязаны скаўцкія хусткі наймалодшым. Пад радасныя водгукі пераможцам асенніка было аб’яўлена кап’ё Ястраба. Яны былі лепшымі ў спаборніцтвах і справядліва заслужылі новую стужку на свой татэм.
Барысаўскі звяз лічыцца адным з наймацнейшых у скаўцкім руху на Беларусі. Забягаючы наперад, дадамо, што ўлетку плануецца правесці агульнабеларускі злёт скаўтаў. Не выключана, што месцам правядзення летніка стане Бягомльшчына.
Віцебская дыяцэзія таксама можа пахваліцца сваімі суполкамі скаўцкага руху. Ёсць яны ў Глыбокім, Паставах і Лынтупах. Поспехаў і шматлікіх сяброў беларускім скаўтам!