ХК “Віцебск” пацярпеў паразу ад “Юнацтва”
Чарговая няўдача напаткала наш клуб учора на сваёй арэне. Віцябляне капітулявалі перад сталічнай дружынай з лікам 1:4. Аднак у супрацьстаянні з грандам беларускага хакея нашы землякі глядзеліся годна.
Нашы гульцы напружвалі гасцей у некаторых момантах, гуляючы ў меншасці, някепска выглядалі ў большасці. Пры аднолькавай гульнявой актыўнасці ім не хапала самага галоўнага – індывідуальнага майстэрства.
Неблагое ўражанне пакінула гульня маладога варатара "мядзведзей" Артура Лук’янава, хоць ён і дапусціў некалькі сур’ёзных памылак. Адзіную шайбу ў браму былога аднаклубніка Максіма Малюціна закінуў лепшы бамбардзір “Віцебска” Аляксей Ярашоў.