У Віцебску затрыманыя ўдзельнікі пікета за байкот выбараў
22 лістапада ў Віцебску былі затрыманыя ўдзельнікі пікета за байкот прэзідэнцкіх выбараў — вядомы віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда і сябра Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў.
Актывісты распачалі сваю акцыю на традыцыйным месцы каля Сіняга дома ў 10:30, а цягнулася яна больш за дзве гадзіны. За гэты час міма пікета некалькі разоў праязджала адна і тая ж міліцэйская машына, аднак, заўважыўшы журналістаў, рухалася далей. Але праз некалькі хвілін пасля таго, як месца пікета пакінуў фотарэпарцёр “Народных навінаў Віцебска” ў 12:45 Барыс Хамайда і Яна Дзяржаўцаў былі затрыманыя і дастаўленыя ў Чыгуначны РАУС Віцебска.
Пікетоўцы трымалі ў руках плакаты з надпісамі “Толькі байкот!” і “Удзел у выбарчым фарсе — гэта здрада Радзіме”. Большасць мінакоў абыякава праходзілі міма, аднак некалькі разоў гараджане, звычайна сталага ўзросту, усчыналі дыскусію пра кандыдатаў і дзеючага кіраўніка дзяржавы.