Хамайду “памілавала” абласная пракуратура
Віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда выйшаў сёння каля пяці гадзін вечара з ізалятара часовага ўтрымання. Нагадаем, учора ён быў асуджаны судом Чыгуначнага раёна на пяць сутак адміністрацыйнага арышту за правядзенне несанкцыянаванага пікету.
Як паведаміў Хамайда “ННВ”, Віцебскі абласны суд вырашыў скараціць тэрмін ягонага знаходжання ў ізалятары з пяці да адных сутак па пратэсце намесніка пракурора Віцебскай вобласці на пастанову суддзі суда Чыгуначнага раёна Віцебска Алены Цыганковай.
«У пастанове абласнога суда гаворыцца, што пры накладанні адміністрацыйнага спагнання раённы суд у дастатковай ступені не ўлічыў мой ўзрост – 62 гады, а таксама альтэрнатыўны характар пакарання – бо мяне можна было пакараць не толькі арыштам, але і штрафам. Аднак самае смешнае не ў гэтым. Зніжаючы мне тэрмін арышту, абласны суд кіраваўся «прынцыпамі гуманізму і справядлівасці” – менавіта такая фармуліроўка была прыведзена ў пастанове», – распавёў апазіцыянер.
Як кажа Хамайда, абласная пракуратура па ўласнай ініцыятыве апратэставала ўчарашняе рашэнне раённага суда. «Сам я нікуды не пісаў ніякіх скаргаў. Мне раней даводзілася сядзець і сем, і трынаццаць сутак арышту, і ніхто на мой узрост не звяртаў увагі. Сядзеў бы я і цяпер, але нехта сур’ёзна націснуў на пракуратуру і мяне адпусцілі. Уладам проста трэба паказаць бачнасць легітымных выбараў», - лічыць нечакана “памілаваны”.
Нагадаем, падчас пікету 22 лістапада за байкот прэзідэнцкіх выбараў удзельнікі гэтай акцыі – Барыс Хамайда і сябра КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў – стаялі каля “сіняга дома” з плакатамі "Толькі Байкот!" і "Удзел у выбарчым фарсе – гэта здрада Радзіме". Акцыя доўжылася каля 2 гадзін, затым апазіцыянераў затрымалі і даставілі ў Кастрычніцкі РАУС. Хамайда атрымаў 5 сутак арышту, а Дзяржаўцаў – штраф у памеры 10 базавых велічынь (350 тысяч рублёў).